Вайскова-палітычны кабінет Ізраілю ўхваліў гэтак званы пункт «40 алеф», што азначае пераход у стан вайны. Цяпер войска можа дзейнічаць самастойна, толькі паведамляючы цывільным аб сваіх кроках. Апошні раз такое рашэнне прымалі 50 гадоў таму.
Афіцыйна пачаткам вайны лічыцца 6 гадзінаў раніцы 7 кастрычніка 2023 года.
Адпаведны пункт, што цяпер увялі ў дзеянне, надае войску Ізраілю максімальную самастойнасць. Армія мусіць толькі паведамляць ураду пра свае рашэнні.
Апошні раз габрэйская дзяржава была ў стане вайны 50 гадоў таму, у кастрычніку 1973-га.
Лік ахвяраў нападу баевікоў ХАМАСу на Ізраіль перавысіў 400, больш за 2000 пацярпелі.
Палесцінцы кажуць, што ў выніку абстрэлаў у адказ у сектары Газа загінулі 313 асобаў, параненых – амаль 2000.
Тым часам прадстаўнік ХАМАС Усама Хамдан у эфіры тэлеканалу Al Jazeera заявіў, што баевікі «не нападаюць на цывільных». Пры гэтым ён сказаў, што жыхары ізраільскіх паселішчаў – не мірныя жыхары.
«Вы мусіце адрозніваць пасяленцаў ад мірных жыхароў. Пасяленцы напалі на палесцінцаў… Мы не атакуем цывільных наўмысна. Мы заявілі, што пасяленцы – гэта частка акупацыі і частка ўзброеных ізраільскіх сілаў. Яны не цывільныя», – заявіў Хамдан.
Падчас уварвання, што пачалося напярэдадні, баевікі ХАМАСу забівалі цывільных, а таксама вайскоўцаў і паліцэйскіх. Акрамя таго, яны хапалі закладнікаў, якіх потым вывезлі ў Газу. Сярод захопленых – шмат удзельнікаў музычнай імпрэзы, якую зладзілі недалёка ад мяжы з анклавам.
Выданні The Times of Israel і ynetnews.com пішуць, што з сотнямі з іх няма сувязі, сваякі скардзяцца, што ўлады пакінулі іх сам-насам з праблемамі і не дапамагаюць у пошуках:
«Нам ніхто нічога не казаў. Ніхто нам не дапамагае. Гэта хаос».
«Дзе ўлада? Чаму ніхто не дапамагае нам іх знайсці?»
«У нас няма дзяржавы. Я шукаю сваю дачку 27 гадзінаў, і ніхто нам не дапамагае».
Тыя ўдзельнікі фэсту, у якіх атрымалася выратавацца, кажуць, што баевікі стралялі па натоўпе з некалькіх пунктаў. Ахову забяспечвалі толькі паліцэйскія, але іх было замала, сцвярджаюць відавочцы. Вайскоўцы прыехалі пазней.
«Многія атрымлівалі раненні ад абстрэлу тэрарыстаў і падалі. Тэрарысты нас акружылі. Нейкім чынам нам удалося вырвацца. Падчас уцёкаў у нас тройчы стралялі. Мы адчувалі сябе бездапаможнымі. Ты акружаны і ведаеш, што праз імгненне цябе могуць забіць», – распавёў адзін удзельнік.
Другі відавочца сцвярджае, што бачыў на месцы здарэння каля 100 забітых. Афіцыйна пра гэта не паведамлялася.
Дакладны лік закладнікаў, якія цяпер у руках ХАМАСу, пакуль не вядомы. Улады Ізраілю цяпер складаюць пералік. Паводле неафіцыйных дадзеных, у выніку нападу без звестак зніклі 750 асобаў.
У Егіпце паведамілі, што Ізраіль папрасіў дапамогі дзеля забеспячэння бяспекі выкрадзеных людзей. Каір звязаўся з «палесцінскімі лідарамі», тыя заявілі, што пакуль не валодаюць усёй інфармацыяй, і сказалі толькі, што закладнікі «дастаўленыя ў бяспечныя месцы» па ўсёй тэрыторыі анклава.
ХАМАС плануе бліжэйшым часам абнародаваць колькасць захопленых закладнікаў.
Сяргей Крот belsat.eu