Адзіны дзень галасавання расцягнулі на тры дні. Як праходзяць выбары ў РФ


У Расеі праходзяць рэгіянальныя выбары. Участкі для галасавання працуюць таксама і на часоваакупаваных тэрыторыях Украіны. Палітолаг, сябра рады руху «Голас» Давід Канкія з асаблівасцяў гэтай кампаніі ў жывым эфіры «Белсат» называе: не толькі захаванне даваенных тэндэнцыяў на тэрыторыі Расеі, але і іхнае ўзмацненне, ціск на незалежных кандыдатаў, абмежаванне свабоды слова, рэпрэсіўнае заканадаўства, скіраванае супраць палітычных апанентаў і грамадства, дамінаванне ў СМІ.

Пры гэтым, паводле палітолага, казаць, што выбары ў Расеі такія ж, як і ў Беларусі, – было б вельмі вялікім спрашчэннем.

«Расея вялізарная краіна, якая складаецца з вялікай колькасці рэгіёнаў, у якіх розная палітычная сітуацыя. У нейкіх – поўнае падкантрольнае галасаванне, а вынікі слаба залежаць ад таго, як галасавалі на выбарчых участках. У нейкіх – наадварот, вынікі галасавання маюць некаторую залежнасць ад волі людзей, і для ўлады ў такіх рэгіёнах выбары могуць стацца вялікім выпрабаваннем».

Абмінуць акупаваныя рэгіёны Украіны рэгіянальныя выбары не могуць, бо, паводле расейскага заканадаўства, гэтыя тэрыторыі былі далучаная да Расеі, а выбары – гэта канстытуцыйнае права грамадзян краіны, кажа Давід Канкія.

Выбарчы ўчастак у Маскве. Масква, Расея. Верасень, 2023.
Фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum

Са слоў палітолага, не дамовіліся паміж сабой наконт стаўлення да гэтых выбараў і апазіцыйныя кандыдаты ў самой Расеі:

«У расейскай грамадска-палітычнай прасторы існуе па гэтым повадзе раскол: частка экспертаў, частка палітыкаў лічыць, што трэба галасаваць у любым разе, незалежна ад таго, ці дапушчаныя апазіцыйныя кандыдаты, ці не, другія заклікаюць байкатаваць і лічаць, што ў такіх выбарах браць удзел недапушчальна. Мы ў руху “Голас” лічым, што ўдзел у выбарах – грамадзянскі абавязак, і нават калі сярод кандыдатаў няма тых, хто вас задавальняе, усё роўна ўдзел ускладняе жыццё фальсіфікатарам».

Палітолаг падкрэслівае, што замяніць вынікі галасавання ў такім выпадку будзе складаней тэхнічна, у параўнанні з выпадкам, калі выбарца на ўчастку не з’явіўся. Таксама Канкія заклікае не цурацца і назіральніцкай працы, бо гэта акурат тое, што можа зрабіць кожны, не парушаючы заканадаўства. Па словах эксперта, на тых участках, дзе прысутнічалі назіральнікі, яўка людзей была не вышэй за 15-20%, а ўчасткі без назіральнікаў налічвалі 90-99% выбарнікаў.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў