«Калі вырашыце, што патрэбнае іншае жыццё, – паспрабуйце». Лукашэнка пра выбары 2025


Падчас наведвання Хатыні Аляксандр Лукашэнка распавёў пра будучыя палітычныя кампаніі ў Беларусі. Улады ўжо актыўна рыхтуюцца да выбараў, піша прэсавая служба Лукашэнкі.

Датэрміновае галасаванне. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: minsknews.by

На пачатку наступнага года ў Беларусі распачнуцца выбарчыя кампаніі. Са словаў Лукашэнкі, зладзіць гэтыя кампаніі будзе няпроста.

«Разнявольвацца, вядома, не трэба. Таму што тыя мярзотнікі, якія збеглі, некалькі соцень чалавек найбольш актыўных, яны павінны паказаць сваім спонсарам, што яны не проста ўмеюць у Telegram-каналах пасціцца і іншае. А мэта адна – вайна. Я вас папярэджваў. Яны спрабавалі і так, і гэтак: мяцеж, каляровыя рэвалюцыі, вайна ў СМІ. Але застаўся ў іх адзін рычаг паспрабаваць – гэта ўзяць зброю і паспрабаваць ваяваць. Вось яны і спрабуюць прадэманстраваць, яны рыхтуюцца. Мы гэта ведаем, ведаем іх пайменна», – заявіў Лукашэнка

У лютым наступнага года адбудуцца парламенцкія выбары. Пасля гэтага – выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. А потым распачнецца і прэзідэнцкая кампанія.

«Мы рыхтуемся з гледзішча гарантавання бяспекі для людзей. А астатняе – калі ласка, вы вырашайце. Як заўсёды, вырашаць будзе народ. Калі вы вырашыце, што патрэбнае вам іншае жыццё, – Бог з вамі, паспрабуйце», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама ён выказаў меркаванне, што на фоне апошніх падзеяў беларусы па-іншаму пачалі глядзець на шмат якія рэчы.

«Я не хачу, каб было так, як сёння ва Украіне. У мяне дзеці, у шмат каго з вас дзеці. Хацелася б, каб дзеці жылі нармальна», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
У Хатыні Лукашэнка распавёў пра Мачулішчы, «жудасных бэчэбэшнікаў» і тэракты
2023.03.22 15:23

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў