«Запаўзці пад ложак і чытаць Біблію?». Беларускія святары спрачаліся пра месца хрысціянаў у палітыцы


У варшаўскай прасторы «Пад жырандоляй» 7 чэрвеня два вядомыя беларускія святары – Вячаслаў Барок і Аляксандр Кухта, спрачаліся і разважалі аб месцы хрысціянаў у палітычным жыцці. Нагодай для дыскусіі стала прэзентацыя перакладаў на беларускую мову папскіх энцыклік аб сацыяльным вучэнні каталіцкага Касцёлу. Выданне энцыклік прысвяцілі хрысціяніну, палітыку і палітвязню Паўлу Севярынцу.

Максім Гацак прэзентуе кнігу перакладаў папскіх энцыклік.
Фота: «Белсат»

Кніжку папскіх энцыклік «Новыя рэчы» прэзентаваў на сустрэчы перакладчык дакументаў – журналіст Максім Гацак.

«Rerum Novarum» («Новыя рэчы») – так называлася энцыкліка Папы Лявона XIII, выдадзеная ў 1891 годзе, якая заклала падмурак хрысціянскай дэмакратыі і актыўнаму ўдзелу хрысціянаў у грамадскім і палітычным жыцці. У наступнай энцыкліцы «Graves de Communi Re» (1901) пантыфік замацаваў гэтае сацыяльнае вучэнне. Пад вокладкай «Новых Рэчаў» – таксама энцыкліка Піуса XI «Пра рэканструкцыю сацыяльнага ладу» (1931), якая развівае ідэі вучэння.

«Ідэя хрысціянскай дэмакратыі развіваецца дагэтуль. Хоць сама ідэя ўзнікла ўнутры Каталіцкага Касцёлу, зараз яе развіваюць вернікі і практыкі іншых хрысціянскіх канфесіяў у розных краінах, дапасоўваючы да існых рэаліяў. Развіццё працягваецца», – падкрэсліў Максім Гацак.

Барок: Беларускі Касцёл трывае ў катакомбах

Імпрэза адбывалася ў прасторы, аздобленай выявамі хрысціянскіх храмаў Беларусі, якія стварыў палітвязень Павел Севярынец. Дыскусію паміж каталіцкім ксяндзом Вячаславам Барком і праваслаўным святаром і блогерам Аляксандрам Кухтам («Бацюшка адкажа») мадэраваў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Удзел у размове наконт удзелу хрысціянаў у палітыцы ўзяла таксама польская суддзя ў адстаўцы, лідарка юрыдычнай службы хрысціянскай суполкі Люцына Лацяк.

Падчас дыскусіі ў прасторы «Пад жырандоляй».
Фота: «Белсат»

На думку Вячаслава Барка, сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі «не захоўвалася» і выконвалася непаслядоўна, хоць кампендыум вучэння быў перакладзены больш за 10 гадоў таму.

«Кніжка была, але чыталі яе рэдка. І таму, што я шчыраваў на полі сацыяльнага вучэння і цытаваў энцыклікі Рымскіх папаў, мне забаранілі прамаўляць у медыях. Бо ў Беларусі дзейнічае прынцып: Касцёл – гэта толькі маліцца і хадзіць на выбары», – казаў ксёндз Вячаслаў Барок, якому ў кастрычніку 2022 года біскуп забараніў публічныя выказванні ў СМІ.

Калі хрысціянін адмаўляецца займацца важнымі справамі, якімі мае займацца, то рана ці позна гэта стварае сітуацыю, падобную да беларускай, лічыць каталіцкі святар.

«Завешаць фіранкі, выключыць святло, залезці пад ложак і ў цемры чытаць Біблію пра тое, як ты любіш гэты свет і свайго бліжняга?.. Я не бачу ў гэтым хрысціянства абсалютна», – гаворыць Вячаслаў Барок.

На ягоны погляд, Каталіцкі касцёл у Беларусі «вымушаны трываць у катакомбах». А з катакомбаў шмат не папрапаведуеш.

«Але чаму беларускія святары сёння не могуць свабодна прапаведаваць слова Божае згодна з вучэннем касцёлу ў Беларусі? І тут адказ іншы. Не таму, што такі касцёл. А таму, што Беларусь сёння – акупаваная», – мяркуе ксёндз Вячаслаў Барок.

Кухта: Нам бракуе рашучасці і смеласці

Праваслаўны святар Аляксандр Кухта, разважаючы над тым, дзе праходзіць мяжа паміж «кесаравым» і «божым» («Кесару – кесарава, а божае – Богу») прыводзіць прыклад філіпінскага кардынала Лачыка Сіна, які зладзіў, па сутнасці, першую ў свеце каляровую рэвалюцыю. Якім чынам? Проста ацэньваў на радыё дзеянні ўладаў згодна Бібліі – і змог вывесці на вуліцы некалькі мільёнаў чалавек ды зрынуць дыктатара Маркаса.

«Гэтая фраза, якой любяць прыкрывацца ў Беларусі, маўляў, «царква па-за палітыкай», не працуе. Гучыць як трызненне. Таму што там, дзе сустракаюцца два чалавекі, ужо ўзнікае палітычная прастора. Пазбегнуць удзелу царквы ў палітыцы мы не можам, але мусім шукаць баланс. Выпадак кардынала Сіна – паказальны. Не галасуем за нейкую галіну ўлады ці чалавека, але проста каментуем ягоныя дзеянні, сыходзячы з Евангельскіх прынцыпаў», – прапануе Аляксандр Кухта.

Фота: «Белсат»

На пытанне, чаго бракуе беларускім цэрквам, каб спрацаваў філіпінскі варыянт, бацюшка Аляксандр адказвае: самастойнасці.

«Бракуе, напэўна, таго самага, чаго не хапае ўсім беларусам у Беларусі. Бракуе рашучасці, смеласці. У савецкія часы і ў часы ўлады Лукашэнкі нам адбілі тую мышцу, якая адказвае за самастойнасць. Няма самастойнасці, умення мысліць, разумець сябе як адзінку, якая не залежыць ад уладаў. Як адзінку, якая мае сваю ўласную місію», – лічыць Аляксандр Кухта.

Паводле святара, кожная дзяржава будзе заўжды намагацца кантраляваць рэлігійнае жыццё, таму што царква – праваслаўная ці каталіцкая – гэта тая прастора, «дзе мы кажам тое, што думаем на самай справе». Абсалютнай свабоды дамагчыся не ўдасца.

«У якой дзяржаве будзе камфортна жыць мне і маёй царкве? Калісьці я вырашыў, што мне патрэбныя дзве базавыя рэчы: свецкая дзяржава і правы чалавека. Свецкая дзяржава – таму што яна прадугледжвае зразумелыя правілы гульні, дзе могуць жыць і існаваць розныя канфесіі. Правы чалавека – таму што гэтае паняцце належаць да ўсіх. Іх нельга адабраць у каталікоў і перадаць праваслаўным, таму што заўтра можа быць наадварот. Калі правы чалавека ёсць – яны ёсць і ў касцёла, і ў царквы, і ў ЛГБТ і ўвогуле ва ўсіх», – сцвердзіў Аляксандр Кухта.

«Трэба стаць на лініі агню»

Аляксандр Кухта кажа, што для тысячаў палітвязняў у беларускіх турмах можна зрабіць толькі адно – быць сведкамі.

«Да гэтага пакліканыя ўсе хрысціяне. Быць сведкамі і галасамі ўсіх тых, хто знаходзіцца ў Беларусі», – сказаў Аляксандр Кухта.

У сваю чаргу, ксёндз Вячаслаў Барок лічыць, што турмы ў Беларусі могуць адкрыцца толькі ў выніку перамогі Украіны над расейскім агрэсарам. І таму трэба ўсімі магчымымі спосабамі спрыяць гэтай перамозе, у тым ліку малітвамі.

Аналітыка
Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану?
2023.06.08 11:45

«Пытанне ў тым, што канкрэтна мы можам зрабіць, падыхаўшы і памаліўшыся. Ну я адказаў. На фронт!» – заявіў Вячаслаў Барок.

Пасля гэтых словаў здарылася нявінная вербальная перастрэлка паміж каталіцкім і праваслаўным святарамі наконт таго, ці мае адвагу сам Барок узяцца за зброю і як гэта будзе выглядаць.

«Проста трэба стаць на лініі агню, каб гэтыя кулі не ляцелі з боку агрэсара ў бок ахвяры. І стаўшы на гэтай лініі, можам тады і паразмаўляць, ці варта браць зброю. Пакуль пытанне не актуальнае. Але трэба неяк спыніць вайну», – горача рэагаваў ксёндз Вячаслаў Барок.

Люцыяна Лацяк выказала меркаванне, што змяніць уладу і сітуацыю ў краіне трэба найперш спрабаваць бяскроўным шляхам – супольнай і моцнай малітвай.

«Любіце, гневайцеся, але не будзьце абыякавымі да несправядлівасці ў нашай краіне ці ў свеце. А не быць абыякавым – гэта значыцца ўзяць адказнасць за агульнае супольнае дабро. А каб яно павялічвалася, пакуль у гэтым свеце не прыдумалі найлепшага інструменту, чым палітычная дзейнасць. Чаго вам і зычу», – падсумаваў ксёндз Вячаслаў Барок.

Праваслаўны святар Аляксандр Кухта напрыканцы сустрэчы падкрэсліў, што галоўная задача для хрысціяніна – заставацца хрысціянінам у любой сітуацыі. І тады не варта перажываць: «да вас абавязкова прыйдуць і абвінавацяць вас у тым што вы разводзіце вакол сябе палітыку…».

Усе ахвяраванні, сабраныя за распаўсюд кнігі папскіх энцыклік «Новыя рэчы» пойдуць на падтрымку беларускіх палітзняволеных. Афіцыйна на 8 чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі вязнямі 1490 чалавек. У Беларусі працягваюць затрымліваць, судзіць і кідаць за краты святароў і вернікаў розных хрысціянскіх канфесіяў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў