«Папулярнасць набірае Дагестан». Дэпартамент турызму параіў, куды беларусам з’ездзіць адпачыць


Чамусьці дырэктарка дэпартаменту параіла разам з Балі і Тайландам адзін з найбяднейшых рэгіёнаў Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вёска ў Дагестане.
Фота: takkata / Pixabay

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ дырэктарка Дэпартаменту турызму Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч параіла ездзіць адпачываць у Расею: туды можна дабрацца і на машыне, і цягніком.

Цяжкасці ў адпачынку яна звязала з абмежаваннямі праз пандэмію каронавірусу: шмат якія краіны патрабуюць ад турыстаў даведку пра вакцынацыю або тэсты на адсутнасць вірусу. Пра забарону палётаў праз захоп Беларуссю рэйсу «Ryanair» яна не згадала.

Дзе Ірына Варановіч параіла беларусам адпачываць:

  • Расея і ў прыватнасці Масква,
  • Бразілія,
  • Шры-Ланка,
  • Тайланд,
  • Балі,
  • Сінгапур,
  • Грузія,
  • асобным пунктам – расейскі Дагестан,
  • Турэччына,
  • Егіпет,
  • Узбекістан,
  • Казахстан,
  • Беларусь – у прыватнасці, Мірскі і Нясвіжскі замкі, сядзібы на берагах азёраў.

«Горная мясцовасць, багацце далікатэсаў у нацыянальнай кухні, самабытная культура – усё гэта трэба хоць раз убачыць, – казала яна пра Дагестан. – Важна памятаць, што ў гэтай рэспубліцы дзейнічаюць свае законы і мясцовыя строга ставяцца да вонкавага выгляду і паводзінаў грамадзянаў і гасцей. Таму перад паездкай трэба даведацца больш аб звычаях і традыцыях Дагестану».

Дагестан – адзін з найбяднейшых рэгіёнаў Расейскай Федэрацыі. Ніжэй, чым там, заробкі толькі ў Мардовіі і Калмыкіі, столькі ж зарабляюць у Чачэніі. У рэспубліцы захоўваецца тэрарыстычная пагроза. Рэкорд у колькасці вядомых ахвяраў вайны ва Украіне сярод расейскіх вайскоўцаў – у Дагестане.

Але туры ў Дагестан сапраўды прадаюць: напрыклад, за 978 рублёў адна кампанія прапануе аўтобусны тур з Менску па Дагестане на 5 начэй (у Грэцыю ў той кампаніі туры ад 1319 рублёў), а за 999 еўра – вандроўка на 7 начэй па «месцах сілы» Дагестану (за такія грошы можна злятаць у чатырохзоркавы гатэль у Турэччыне на 7 начэй).

ВІДЭА
«Не вайне! Пуцін – чорт!» На школьніцу з Дагестану склалі пратакол за антываенныя лозунгі на лінейцы
2022.05.22 19:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў