Даследчыца Алена Агарэлышава: Ціск на актыўных жанчын у палітыцы – крывавы шлях беларусаў да раўнапраўя


Апошнія тры гады Беларусь праходзіць праз гістарычныя змены. Менавіта жанчыны адыгралі ключавую ролю ў тэктанічных трансфармацыях, распачатых у краіне ў 2020 годзе. Аднак, нягледзячы на актыўны ўдзел жанчын у палітыцы ў 2020-м, іх прадстаўніцтва застаецца слабым у палітычным жыцці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Жанчыны ў белым зноў выйшлі на вуліцы разам, каб сказаць «не» гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Чаму так адбываецца, ці змянілася стаўленне да жанчыны ў палітыцы пасля 2020 года і чаму рэжым змагаецца з жанчынамі, мы паразмаўлялі з Аленай Агарэлышавай, гендарнай даследчыцай, актывісткай, удзельніцай фемгрупы КС.

«Калі жанчына будуе палітычную кар’еру, гендар – тое, што цягне яе ўніз»

– Паказнік наяўнасці жанчын у парламенце і мясцовых органах улады ў Беларусі амаль дасягнуў скандынаўскага ўзроўню. Што тут не так?

– У шэрагу краінаў у парламентах існуе гендарная квота – там мусіць быць не менш пэўнага адсотку жанчын. Але ў заходніх краінах органы ўлады не проста так называюцца – яны маюць моц прымаць рашэнні. Жанчыны могуць уплываць на тое, як жыве грамадства, як існуе дзяржава.

Існуюць сусветныя індэксы гендарнай роўнасці. Беларусь згодна ім займае ад 20 да 30 пазіцыі сярод 120. Мы займаем неблагую пазіцыю ў параўнанні з краінамі СНД. У нас вялікі адсотак жанчын з вышэйшай адукацыяй, маленькі адсотак смерцяў сярод цяжарных жанчын, маці і немаўлятак. Высокі паказнік жанчын у палітыцы. Так што паводле статыстыкі Беларусь – прагрэсіўная краіна.

З кожнымі парламенцкімі выбарамі колькасць жанчын у беларускім парламенце павялічваецца. Зараз колькасць жанчын у парламенце Беларусі вышэй за сярэдні паказчык у еўрапейскіх парламентах. Але ці мы сапраўды такія прагрэсіўныя? 26 гадоў дыктатуры, больш за два гады працягваюцца рэпрэсіі ў краіне – усё гэта паказвае, што ў краіне ёсць адзін чалавек, які прымае рашэнні, астатнія мусяць быць яму падначаленыя. А галоўная якасць беларускіх чыноўнікаў незалежна ад гендару – быць лаяльным і добра выконваць загады. Таму няма розніцы, ёсць у парламенце жанчыны ці мужчыны, ці там стаіць адна мэбля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Гендарныя пытанні не могуць існаваць у вакууме, не звязвацца з тым, што адбываецца ў краіне. Многія беларускія жанчыны баяцца ўдзельнічаць у палітыцы, актывізме праз страх таго, што ў іх будуць адабраныя дзеці. Вялікая колькасць жанчын сядзіць у турмах па палітычных матывах, шмат хто вымушана з’ехаў. Гэта ўсё таксама пра гендар. У нас ёсць жанчыны ў парламенце, але вялізная колькасць жанчын не мае магчымасці ўдзельнічаць у палітыцы проста праз тое, што яны жанчыны, праз страх за сваю бяспеку і бяспеку блізкіх.

Мы нашчадкі палітыкі Савецкага Саюзу, якая з пункту гледжання ролі жанчыны ў палітыцы была дастаткова прагрэсіўная. Жанчын выпіхвалі галасаваць, было шмат кампаній, каб жанчыны выходзілі з дому, былі адданымі партыйнымі адзінкамі, якія мусілі апекавацца грамадскімі праблемамі. Але гэта была не палітычная свабода. Так, ты магла галасаваць, але толькі за адну партыю. Ты магла быць грамадска актыўнай, але і ты, і ўсе астатнія ведалі межы такой актыўнасці. Ты можаш рабіць тое, што табе падаецца важным, але ў строгіх рамках.

Падчас выбараў 2020 года тое, што паказала Ціханоўская і трыумвірат, стала поўнай нечаканасцю, жаночым лідарствам, адарваным ад савецкага разумення, новай плынню, якой не далі рады.

– У нас яшчэ дастаткова патрыярхальнае грамадства. Па вашых назіраннях, як беларусы ўспрымаюць жанчыну-палітыка?

– Памылка разглядаць сітуацыю ў вакууме: вось мужчыны, вось жанчыны. Людзі, асобы – гэта не толькі гендар, гэта комплекс розных паняццяў. Тая самая Святлана Ціханоўская, яе не ўспрымалі як «проста жанчына», яе асацыявалі як асобу з асаблівай персанальнай гісторыяй. Немагчыма было ёй не спачуваць. Частка людзей галасавала за яе не з-за сімпатыі, а супраць Лукашэнкі, частка – бо не магла прагаласаваць за Цапкалу і Бабарыку. Давайце ўявім, што заўтра ў нас адбываюцца выбары, і ў нас ёсць кандыдаты: Ціханоўская, Латушка, Калеснікава, Кавалькова. Я не ўпэўнена, што ў такім раскладзе пераможа жанчына. Але яны канешне набяруць вялікі працэнт. А вось калі выбіраць паміж Гайдукевічам і Кавальковай, напрыклад, я б паставіла на Кавалькову.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла ў Сенаце Польшчы на паседжанні з нагоды 160-годдзя паўстання народаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Варшава, Польшча. 8 лютага 2023 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Калі жанчына будуе палітычную кар’еру, гендар – тое, што цягне яе ўніз. Ты мусіш добра папрацаваць, каб такая палітычная «хіба» прымусіць працаваць на тваю перамогу. Мужчынам прасцей ад пачатку, бо яны мужчыны. Але не полам адзіным.

«Зараз палітычныя дзеянні не бачацца ні надзейнымі, ні эфектыўнымі»

– Давайце зірнем на іншы бок, на жанчын з боку дэмсілаў. У склад палітычных дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый палітычнага накірунку ўваходзіць ад 20 да 56% жанчын. Пры гэтым кіраўнікоў жаночага полу зусім няшмат, затое іх шмат сярод намеснікаў старшынь. Жанчыны рэдка ўзначальваюць дзяржорганы ці партыі, але часцей аказваюцца намеснікамі кіраўнікоў. За ўвесь час толькі тры жанчыны былі кандыдаткамі ў прэзідэнты. Чаму так адбываецца?

– Па-першае, у нашым грамадстве існуе «шкляная столя». Колькі б не было лідарскіх здольнасцяў, кампетэнцыяў у жанчыны, чым вышэй пасада, тым больш канкурэнцыя. Таму часта жанчыне ў палітыцы ці бізнесе трэба быць удвая лепшай і актыўнай чым мужчыне, каб прабіць гэтую «столю», якая фармуецца традыцыйнымі ўяўленнямі, канкурэнцыяй, не варта забываць і пра сям’ю. І гэта не толькі ў нас. У еўрапейскіх краінах і ЗША ёсць даследаванні, згодна з якімі ў мужчын на высокіх пасадах можа быць двое і больш дзяцей, у жанчын у лепшым выпадку – адно дзіця, але часцей няма дзяцей наогул.

Інтэрв’ю
Аліна Коўшык: Увесь свет саспеў, каб жаночыя галасы было чуваць у палітыцы
2023.03.08 07:28

Па-другое. Я рыхтавалася да лекцыі да 8 сакавіка і паглядзела савецкія віншавальныя карткі да гэтага свята. У 20-30 гады была вялікая палітызацыя, партыі патрэбна было расціць надзейных грамадзянаў і грамадзянак сваёй краіны. Таму віншаванні былі кшталту «товарищ Семёнова, поздравляем с праздникомСоветская женщина идёт на пути строительства коммунизма!» Уражанне, што гэта віншуюць нейкага безгендарнага робата, раз у год узгадаўшы, што ў яго адрозны пол. Ты не магла тады быць сацыяльна і палітычна неактыўнай, наадварот, гэта было падазрона, калі ты думаеш пра персанальныя мэты больш, чым пра інтарэсы партыі і народу. Такое навязванне з боку дзяржавы параджае пэўнае адчужэнне ў жанчын: давайце я сама буду вырашаць, што мне трэба, а што не.

Мы праводзілі вялікае даследаванне: рабілі апытанне жанчын у верасні 2020 года, якія сваімі рукамі, сэрцам і душамі былі ўключаныя ў трансфармацыйныя працэсы ў дзяржаве. А потым зрабілі падобнае апытанне ў 2022 годзе, каб паглядзець што змянілася. У 2020 годзе жанчыны адказвалі, наколькі яны былі ўзрушаныя тым, што адбываецца, што так, у іх ёсць абавязкі – праца, сям’я, дом, але зараз яны ставяць гэта ўсё на паўзу, бо яны бачылі мэту сваёй дзейнасці і гатовыя былі выдаткоўваць на яе дасягненне сілы, рэсурсы. Таму што яны верылі, што іх дзеянні будуць мець пэўны вынік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Аляксандр Азараў на прэс-канферэнцыі ў варшаўскім «Музеі вольнай Беларусі». Варшава, Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У 2022 годзе актывізм памяняўся, ён сышоў у онлайн ці стаў наогул небачным. Няма 200-тысячных натоўпаў на вуліцы, але гэта не азначае, што няма актывізму. Зараз ён звязаны з падтрымкай, дапамогай. Канешне, частка людзей згубіла матывацыю. Хтосьці за кратамі, хтосьці з’ехаў – сувязі перарваліся. Таксама незразумела, што зараз можна рабіць, рызыка больш вялікая па адчуваннях, чым яна была ў 2020 годзе. Жанчыны працягваюць нешта рабіць, але тое, што ў дадзеным выпадку лічаць эфектыўным. Важна адзначыць, што гэта таксама палітыка, жанчыны застаюцца палітычна актыўнымі.

Беларускія жанчыны вельмі разумныя. Я ганаруся тым, што магу сябе аднесці да іх. І беларускі вельмі прагматычныя. Гэтага разумення бракуе многім экспертам, якія разважаюць, чаму жанчыны выйшлі ў 2020, а цяпер сышлі з палітыкі. Яны не сышлі. Калі табе за 24 гадзіны трэба паклапаціцца пра свой мікрасусвет, гэта клопат пра сям’ю, зараблянне грошай, бяспека, то ты вельмі прагматычна ставішся да ўласнага часу, што ты робіш і наколькі твае дзеянні эфектыўныя. Зараз палітычныя дзеянні не бачацца ні надзейнымі, ні эфектыўнымі. Вы канешне прабачце, у мяне ёсць чым заняцца. Апазіцыйная палітыка заўсёды была сумнеўнай справай. Адзін толькі раз у 2020 годзе, калі стала зразумела, што палітыка можа мець вынік, мы паказалі, што мы можам.

«У нас адбываецца феміністычная рэвалюцыя і пераасэнсаванне раўнапраўя мужчын і жанчын»

– За кратамі ў Беларусі знаходзіцца вельмі шмат жанчын, якія падвяргаюцца катаванням. Жанчыны за сваю актыўнасць і палітычную дзейнасць атрымліваюць вялізныя тэрміны, у тым ліку і завочна. Хоць Лукашэнка і казаў раней, што з жанчынамі не ваюе, але выглядае ўсё наадварот. Ці гэта азначае, што ўлада бачыць у жанчынах пагрозу?

– Катаванні ў турмах, вялізныя тэрміны зняволення – гэта жудасная гісторыя, але гэта гісторыя нашага грамадства сёння. Мужчыны таксама праходзяць праз катаванні і атрымліваюць вялікія тэрміны. Усе рэпрэсіі – помста рэжыму людзям, якія мелі смеласць марыць, быць непакорнымі яму, безадносна гендару.

Ціск на жанчын, на феміністычныя арганізацыі я разглядаю як крывавы шлях беларусаў да раўнапраўя. Зараз ёсць разуменне, што з жанчынамі трэба лічыцца, што яны таксама прадстаўляюць пагрозу рэжыму, і твар гэтай пагрозы – Святлана Ціханоўская. Хацелася б, каб беларускае раўнапраўе было не такім жорсткім, але як ёсць.

Марш жанчын
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельніца жаночага шэсця міру на плошчы Незалежнасці паказвае міліцыянтам плакат з фотаздымкам збітага падчас пратэстаў. Менск, Беларусь. 5 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У нас адбываецца феміністычная рэвалюцыя і пераасэнсаванне раўнапраўя мужчын і жанчын. Жанчыны могуць быць актывісткамі, экстрэмісткамі, рэйкавымі партызанкамі і нясуць цяжкі крыж таго, што могуць быць асуджаныя за ўсе гэтыя дзеянні. Няма ніякай скідкі на тое, што ты жанчына ці маці, у якой ёсць немаўля.

– Вы назіраеце пэўныя змены ў стаўленні грамадства да жанчын у палітыцы, у якасці лідара пасля 2020 года?

– У грамадстве ёсць ваганні ў гэтым сэнсе. Цяжка ацэніць стаўленне да жанчын у палітыцы, бо мы зараз знаходзімся ў ненармальнай сітуацыі. Наша краіна ў палоне – гэта адна рэчаіснасць. Паралельна адбываюцца нейкія палітычныя працэсы за мяжой – гэта другая рэчаіснасць. Хтосьці з’язджае, хтосьці застаецца ў краіне. Новы выклік – вайна ва Украіне.

Я назіраю хвалі ў стаўленні да жанчын у палітыцы. У 2020 годзе падчас жаночых маршаў было захапленне жанчынамі, Ціханоўскай і яе дзеяннямі. Зараз час ад часу мы бачым зусім іншае стаўленне: вось, гэтая жанчына, яна не ведае, што яна робіць, вакол яе шмат мужчын, якія вырашаюць за яе. Мне ў гэтай гісторыі цікава тое, чаму людзі ўспрымаюць гэта так ці іначай. І тут гендар становіцца чыннікам, як людзі могуць сабе растлумачыць і сваю бездапаможнасць, і бездапаможнасць палітычнага апарату.

Мы зараз знаходзімся ў сітуацыі, калі беларукае грамадства ў вельмі вялікім стрэсе. Ёсць пэўныя меркаванні, папулярныя тут і цяпер, але я б пачакала перад тым каб выказвацца пра штосьці ў доўгатэрміновай перспектыве. Што дакладна зразумела: людзі адчуваюць сваю бездапаможнасць, яны ў вялізнай роспачы, і яны спрабуюць хоць неяк растлумачыць рэчаіснасць хаця б для саміх сябе. Тут падключаюцца і гендарныя стэрэатыпы. Але нельга быць упэўненым, што гэтая ваганне праз паўгады не павернецца ў іншы бок. Вельмі лёгка сказаць – у нас патрыярхальнае грамадства, і ўсё. Мы вельмі дзіўна патрыярхальныя. Не ўсё так проста.

Гісторыі
Беларускія жанчыны, якімі мы можам ганарыцца
2023.03.08 12:49

СП belsat.eu

Стужка навінаў