«Беларускі Гаюн»: Доказаў знаходжання ядравай зброі ў Беларусі ў артыкуле «The Wall Street Journal» не прыводзіцца


7 студзеня ў выданні «The Wall Street Journal» з’явіўся артыкул, у якім гаворыцца аб тым, што тактычная ядравая зброя, хутчэй за ўсё, размешчаная на тэрыторыі 116-й штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе. «Беларускі Гаюн» кажа, што гэта ўсё пустыя заявы.

«Амерыканскае выданне «The Wall Street Journal» апублікавала нататку, дзе выказала меркаванне, што ТЯЗ у Беларусі можа быць размешчана на аэрадроме «Ліда», пры гэтым шэраг СМІ няправільна інтэрпрэтуе інфармацыю выдання, робячы выснову на падставе прыведзенага загалоўка: «Пуцін адпраўляе ядзерную зброю ў Беларусь», – піша «Беларускі Гаюн».

Насамрэч, адзначаецца ў артыкуле беларускай маніторынгавай групы, у матэрыяле амерыканскага выдання «няма ніякіх доказаў прысутнасці ТЯЗ на тэрыторыі Беларусі.

Лідскі аэрадром.
Фота: bizlida.by

Па-першае, паводле «Беларускага Гаюна», амерыканскія журналісты спасылаюцца на словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Расея нібыта завершыла размяшчэнне тактычнай ядравай зброі ў Беларусі, але ўжо ў наступным абзацы падкрэсліваюць, што гэта можа быць блефам.

Па-другое, «The Wall Street Journal» спасылаецца на артыкул «CNN», у якім прыводзяцца заявы амерыканскай выведкі наконт таго, што падставаў сумнявацца ў заявах Пуціна аб адпраўцы ТЯЗ у Беларусь няма. Аднак, піша «Беларускі Гаюн», «гэта былі толькі словы «неназванага супрацоўніка» ў вузкім коле асобаў, што не можа быць афіцыйнай пазіцыяй ведамства, як гэта пішуць аўтары».

І нарэшце, «Беларускі Гаюн» гаворыць аб тым, што аўтары матэрыяла спасылаюцца на артыкул Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў (FAS), у якім выказваецца меркаванне, што на лідскім аэрадроме можа быць размешчаная тактычная ядравая зброя. Пры гэтым падставай для гэтага меркавання з’яўляецца размяшчэнне на аэрадроме самалётаў Су-25, якія патэнцыйна здольныя несці ТЯЗ і з’яўляюцца найбольш верагоднымі кандыдатамі «новай місіі Беларусі па «абмене ядравай зброі» з Расеяй».

Усе гэтыя факты, на думку «Беларускага Гаюна», з’яўляюцца недастатковымі для высноваў аб тым, што на аэрадроме «Ліда» сапраўды знаходзіцца тактычная ядравая зброя.

Нагадаем, што 25 снежня 2023 года перад пачаткам саміту ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перакідванне ядравай зброі ў Беларусь ужо даўно завершана: «Усё на сваіх месцах у добрым стане», – падкрэсліў ён.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў