У Беларусі затрымалі 32 мігрантаў – за незаконны ўезд у краіну


У Калодзішчах Менскага раёну АМАП выявіў чатыры групы нерэгулярных мігрантаў. Усяго затрымалі 32 чалавек: сярод іх – грамадзяне Афганістану, Індыі і Бангладэшу. Пра гэта 7 ліпеня паведамляе МУС.

У Беларусі затрымалі нерэгулярных мігрантаў. Здымак з відэа: pressmvd / Telegram

Мігранты прыехалі ў Беларусь з Расеі і планавалі трапіць у Польшчу.

«Замежнікі прыбылі ў нашую краіну з Расеі наземным транспартам, далей планавалі прайсці ў Польшчу. Беларускія візы ў іх адсутнічалі. Нелегалы прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці і прымусова справоджаныя з краіны», – піша МУС.

Таксама ў ведамстве сцвярджаюць, што шукаюць арганізатараў і памагатых мігрантам.

Куды іх выслалі з Беларусі, сілавікі не сказалі.

У Беларусі затрымалі нерэгулярных мігрантаў. Здымак з відэа: pressmvd / Telegram

Нагадаем: у лютым сёлета МУС таксама паведамляла пра затрыманне каля ста мігрантаў. Яны нелегальна прыбылі ў Беларусь з Расеі наземным транспартам і планавалі пасля апынуцца ў краінах Заходняй Еўропы. Іх затрымалі ў Міханавічах. Тады ў ведамстве казалі, што 54 замежнікі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, ім далі права добраахвотна пакінуць Беларусь. Семярых затрымалі, бо тыя не мелі дакументаў, іхныя асобы будуць высвятляцца.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў