У Гомлі збіраюцца пабудаваць абʼект «Газпрома» замест абяцанага аквапарка


У Гомлі пасля працяглых пошукаў інвестара для будаўніцтва абʼекта ў прывабным месцы нарэшце «знайшлі» структуру расейскага «Газпрома». Аб гэтым паведамляе «Флагшток Гомель».

Месца пад будаўніцтва аздараўляльнага комплексу ў Гомлі.
Фота: «Флагшток» / Telegram / flagshtok

7 красавіка стала вядома, што кіраўніцтва Гомля вядзе перамовы з расейскім «Газпромом» аб будаўніцтве спартова-аздараўляльнага комплексу з аквазонай. Аб гэтым расказаў старшыня Гомельскага гарвыканкаму Уладзімір Прывалаў.

У гэтай будоўлі працяглая гісторыя. Участак на беразе Валатоўскага возера на супрацьлеглым баку ад Лядовага палаца ў Гомлі быў зарэзерваваны пад будаўніцтва аквапарку яшчэ ў 2013 годзе. Аднак працяглы час для праекту не могуць знайсці інвестара. Пры гэтым, паводле ацэнкі ўладаў, зарэзерваваная пляцоўка зʼяўляецца адным з найбольш перспектыўных месцаў прыцягнення інвестыцый у Гомель.

У 2022 годзе аўкцыён па продажы права арэнды зямельнага ўчастка нарэшце адбыўся. Аднак неўзабаве пакупнік адмовіўся ад здзяйснення ўгоды. Першапачаткова кошт праекту складаў $14 млн. На пачатковым этапе праект гомельскага аквапарку прадугледжваў наяўнасць басейна, фітнес-клуба, сцены для скалалажання, парных і сухіх саўнаў, комплексу атракцыёнаў, водных горак, трэнажорнай залы, сеткі дробнарознічнага гандлю, пунктаў харчавання, уключаючы міні-бары на вадзе, кафэ і рэстараны. Аднак паводле Прывалава, перспектывы такога маштабнага праекту мізэрныя: «Самае рэальнае выйсце сёння – гэта пабудаваць спартова-аздараўляльны комплекс з аквазонай». А для наведвання аквапарка чыноўнік параіў ездзіць у Менск.

«Флагшток» звяртае ўвагу, што перамовы пра будаўніцтва абʼекту, імаверна, вядуцца з даччынай кампаніяй расейскага газавага манапаліста – «Газпром соцінвест». Гэтая кампанія неаднаразова згадваецца ў антыкарупцыйных расследаваннях каманды Навальнага. Расследвальнікі сцвярджаюць, што за будаўніцтвам спартыўна-аздараўляльных абʼектаў «Газпрома» у Расеі крыюцца карыслівыя інтарэсы вышэйшых расейскіх чыноўнікаў. Чые інтарэсы крыюцца ў будоўлі ў Гомлі – пакуль невядома.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў