Сусветны банк палепшыў прагноз беларускага ВУП. Але прызнаў, што Менск хавае статыстыку


Сусветны банк палепшыў перспектывы для беларускай эканомікі, абнавіўшы свой прагноз адносна росту ВУП Беларусі ў 2023 годзе. Пра гэта гаворыцца ў вясновым аглядзе эканамічных перспектываў для краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Сусветны банк прагназуе рост беларускага ВУП у 2023 годзе на 0,6 % і на 1,4 % – у 2024-м. Раней інстытут заяўляў, што эканоміка Беларусі сёлета знізіцца на 2,3 %, а налета вырасце на 2,5 %. Урад Беларусі разлічвае нарасціць ВУП у 2023 годзе на 3,8 %.

Банк чакае, што ў 2023 годзе інфляцыя ў Беларусі складзе 11 %, у 2024-м знізіцца да 10 %, а ў 2025-м – да 8 %.

Эканамісты Сусветнага банку мяркуюць, што сёлета эканоміка Беларусі працягне адаптавацца да санкцыяў. Росту ВУП паспрыяе аднаўленне з дапамогай Расеі галінаў нафтахіміі, машынабудавання і вытворчасці харчоў. Дадатковае падтрыманне таксама чакаецца ад імпартазамяшчальных праектаў, але прыватны бізнес сутыкнецца з большай жорсткасцю ўмоваў гаспадарання.

Аднак сярэднетэрміновыя перспектывы беларускай эканомікі застаюцца змрочнымі, бо захоўваюцца рызыкі ўвядзення дадатковых санкцыяў ды другасных эфектаў ад падзення расейскай эканомікі. Таксама рызыка – у імкненні падтрымаць эканамічны рост, нягледзячы на шкоду макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці.

Пры гэтым у Сусветным банку прызнаюць, што на якасць прагнозу ўплывае тое, што ўлады Беларусі хаваюць эканамічную статыстыку.

Hавiны
ВУП Беларусі стагнаваў у пачатку 2023 года – BEROC
2023.02.23 17:21

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў