Ізраіль атакаваў аб’екты «Хамасу» ў Палестыне і Ліване


Пасля абстрэлаў ізраільскай тэрыторыі Армія абароны Ізраілю (Цагаль) атакавала вайсковыя пазіцыі палестынскай арганізацыі «Хамас» уздоўж мяжы з сектарам Газа. Пра гэта 7 красавіка паведаміла прэс-служба Цагалю.

Ізраільскі вайсковы самалёт.
Фота: idf.il

Знішчальнікі атакавалі шахту падземнага прадпрыемства для вытворчасці зброі, тры іншыя аб’екты для вытворчасці і захоўвання выбуховых рэчываў, базу навучання, а таксама тунэль – усё гэта належыць палестынскай арганізацыі «Хамас». Мэтай атакі было нанесці шкоду здольнасці «Хамасу» ўмацоўвацца і ўзбройвацца.

Таксама Цагаль атакаваў інфраструктурныя абʼекты і абʼекты «Хамас» на тэрыторыі паўднёвага Лівану.

«Цагаль не дазволіць тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас» дзеяць з тэрыторыі Лівану і лічыць дзяржаву Ліван адказнай за ўсе абстрэлы з яе тэрыторыі», – гаворыцца ў паведамленні.

6 красавіка Цагаль паведаміў пра 34 ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Лівану па тэрыторыі Ізраілю, 25 з іх перахапілі сілы СПА. У бамбаваннях ізраільская армія звінаваціла групоўку «Хамас».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў