Пратэсты фермераў могуць прывесці да вялікага крызісу

Так выглядае, што ніхто ў Варшаве не ведае, як выходзіць з гэтага крызісу. Пакуль не саступіць Брусель, не будзе і згоды з Украінаю.

Польскія фермеры спаралізавалі ў сераду польскую сталіцу. Дыялогу з уладамі не атрымалася, дайшло да сутычак, невядомыя людзі пачалі разбіраць брукаванку, паляцелі камяні. Маршалак Сейму Шыман Галоўня, які назіраў праз манітор за сітуацыяй пад польскім парламентам, казаў, што сярод фермераў зʼявілася «група правакатараў».

Незалежна ад таго, да якіх высноваў прыйдзе паліцыя, свет ужо пабачыў, што кансэнсусу ў польскай сталіцы няма.

Да пратэсту фермераў далучыўся легендарны прафзвяз «Салідарнасць», паляўнічыя, шахцёры. Палітыкі апазіцыі, якія яшчэ нядаўна прымалі пастановы на чале міністэрстваў пры ўрадзе «Закону і справядлівасці», сёння пераключыліся на «абарону» пратэстоўцаў, бо гэтая тэма цалкам дамінуе на польскім парадку дня. Калі хутка праблему не залагодзіць, сітуацыя можа скончыцца яшчэ большым крызісам. Так выглядае, што хуткай развязкі, бадай, няма.

Удзельнік пратэсту фермераў стаяць каля вогнішча пасярод дарогі. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Самае простае, што можа зрабіць польскі ўрад, гэта зачыніць мяжу для ўсёй фермерскай прадукцыі з краінаў, што не ўваходзяць у Еўразвяз (гаворка найперш пра Украіну). Гэта адзін з пастулатаў фермераў. У такім выпадку страты панясуць і польскія вытворцы, якія экспартуюць сваю прадукцыю ва Украіну (напрыклад, польскія вытворцы малочнай прадукцыі). Калі пад ціскам пратэстаў урад Доналда Туска пайшоў бы на такі крок, то размаўляць з украінцамі на міжурадавай сустрэчы ў Варшаве 28 сакавіка не было б ужо пра што. Хоць у Кіеве яшчэ мяркуюць, што дойдуць да кампрамісаў з Польшчай, змінімалізуюць страты.

Польскім уладам давядзецца выбіраць паміж кампрамісам з украінцамі і кампрамісам з фермерамі, якія пратэстуюць і блакуюць межы.

На пачатку красавіка ў Польшчы адбудуцца важныя мясцовыя выбары, ад якіх залежыць, хто будзе кіраваць польскімі вёскамі, гарадамі, паветамі і ваяводствамі. Усе апытанні паказваць, што пераважная большасць палякаў падтрымлівае фермераў.

Але праблема не толькі ў гандлі з Украінай. Фермеры (а таксама паляўнічыя, шахцёры і іншыя групы) дамагаюцца ад уладаў скасавання Еўрапейскага зялёнага курсу. Гэта агульнаеўрапейская экалагічная праграма да 2050 года, што датычыць у тым ліку фермераў і паступова пераводзіць іх на «экалагічна чыстую прадукцыю».

Пратэсты фермераў у іншых еўрапейскіх краінах (напрыклад, у Нямеччыне і Францыі) мусяць схіліць Брусель да зменаў пастановаў, датычных сельскай гаспадаркі.

Гаворка ідзе ў тым ліку і пра тое, каб пакідаць частку зямлі на так званы адпачынак і радыкальна абмежаваць ўжыванне пестыцыдаў. Але выглядае, што Брусель не хоча ісці на саступкі.

У сераду камісар сельскай гаспадаркі ЕЗ Януш Вайцехоўскі заявіў, што Еўрапейская камісія прыме выгадныя для фермераў пастановы. Але ўжо ўвечары Еўрапейская камісія заявіла, што Вайцехоўскі «выказаўся ад свайго прыватнага імя». У Бруселі хочуць, каб фермерства і ахова навакольнага асяроддзя «ішлі поруч». Але польскія фермеры відавочна не жадаюць быць закладнікамі гэткага тандэму.

Меркаванні
Пратэсты фермераў хутка не скончацца
2024.02.26 13:44

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў