Зброя самы лепшы падарунак

Гарачыя вайсковыя зводкі з Украіны чытаюць не толькі шматпакутныя жыхары гэтай краіны, але дакладна ўсе суседзі. Немагчыма 716 дзён не разумець, што ідзе сапраўдная вайна са смярцямі, жорсткімі катаваннямі, стратамі, хлуснёй, бежанцамі, пакутамі, разбурэннямі…

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына плача, пакуль жыхароў эвакуююць з пашкоджанага шматкватэрнага дому. У выніку ракетнай атакі загінулі чатыры чалавека, сама меней 40 атрымалі раненні. Кіеў, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Danylo Antoniuk / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Чытаеш уначы, што паветраная трывога абʼяўлена па ўсёй краіне і адразу думкі: куды прыляціць, што там знаходзіцца, ці ёсць там добрае сховішча? Цяпер вайна такая, што можна нават прачытаць адкуль выпусцілі ракеты, у якім кірунку яны ляцяць і ў колькі прыкладна павінны дасягнуць сваіх мэтаў. Я ўвесь час баюся за сваіх сяброў і знаёмых, якія застаюцца ва Украіне дагэтуль. Бо сёння ўжо не мае асаблівага значэння ўсход гэта ці захад, поўнач ці поўдзень краіны, таму што прыляцець можа куды заўгодна. І прыляцець могуць не толькі ракеты. Чаго толькі няма ў арсенале забойцаў.

Чытаеш сухія франтавыя зводкі і з жахам разумееш, што ведаеш назвы ракет, як назвы марак аўтамабіляў, і нават уяўляеш сабе радыус паразы і на што здольная іншая зброя. А яшчэ нейкія два гады таму мне чалавеку не ваеннаму трэба было тлумачыць якая розніца паміж мінай і бомбай, чым адрозніваецца ракета ад дрона-камікадзэ.

Уначы прагучала паветраная трывога па ўсёй Украіне. З канца снежня Расея падвяргае Украіну масіраванаму начному нападу ўжо шосты раз. Сёння адбыўся першы камбінаваны напад з 23 студзеня. Тады Ту-95МС запусцілі крылатыя ракеты, якія нанеслі ўдары па Харкаве, Кіеву і Паўлаграду. На гэты раз расейцы ўдарылі крылатымі, балістычнымі і зенітнымі ракетамі, а таксама беспілотнікамі, якія пачалі налёт яшчэ напярэдадні позна вечарам. І зноў сухая статыстыка: было выкарыстана 44 ракеты. Збіць удалося толькі 26 крылатых Х-101/Х-555/Х-55, тры «Калібра», а таксама 15 з 20 дронаў-камікадзэ.

На практыцы гэта азначае, што ў Нікалаеве пашкоджаны 74 прыватныя дамы, тры з іх цалкам знішчаны. Пацярпелі таксама два абʼекты інфраструктуры. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 6 атрымалі раненні. У горадзе таксама загарэўся падземны газаправод. У Кіеве найбольш значныя разбурэнні адчуў 18-павярховы жылы дом. У шматлікіх кватэрах пачаўся моцны пажар. У доме былі выбіты ўсе вокны, разбураны балконы. Загінулі чацвёра жыхароў дома. Эвакуявалі 60 чалавек, пацярпелі не менш як 40. У Харкаве зафіксаваны траплянні ў нежылую структуру.

У выніку атакі пацярпела і Львоўская вобласць. Там выбухі раздаліся ў Драгабычы. У Днепрапятроўскай вобласці ўдар прыйшоўся па Навамаскоўску, абломкі дрона-камікадзэ нанеслі ўрон камунальнаму прадпрыемству. Пад Сумамі ноччу ўпалі тры авіябомбы. У Львоўскай вобласці ракета ляцела ў бок Польшчы і за 20 км да мяжы разгарнулася на 180 градусаў. На перахоп вылецелі тры польскія F-16. Вайна зусім побач.

Выдатна разумееш жанчын, якія выехалі са сваімі дзецьмі за межы краіны. У некаторых разбамбілі дамы і вярнуцца ім няма куды. Што казаць пра жыхароў Марыўпалю і ўсіх сёлаў вакол яго?

Абноўлена
Наступствы масаванай паветранай атакі на Украіну: мінімум 5 чалавек загінулі
2024.02.07 12:19

42-гадовая ўкраінка Аксана Белаконь была ў Кіеве, калі пачалася вайна. Сама яна з Марыупалю. Жанчына да гэтага часу спрабуе знайсці сваіх родных: «У мяне ў Марыупалі заставалася сястра з пляменнікам. Ніякіх звестак аб ёй да гэтага часу няма. Куды я толькі не звярталася. Я паглядзела здымкі са спадарожніка. Божа мой! Гэта сапраўдны жах! Нашай хаты няма наогул. Тамака была, вядома, як ва ўсіх людзей, маёмасць. Але ведаеце, калі маіх няма ў жывых, то і не мае значэння засталося там нешта, ці – не. Спачатку перажывала, што згарэлі фотаздымкі. Чатыры альбомы было ў доме. Там мае бацькі, бабулі, дзядулі. Сваіх фота мне не шкада. Ну хіба што тых, дзе мяне мама на лінейку ў школу прывяла і я там з букетам гладыёлусаў. Ой! Ды што я вам пра гэтыя гладыёлусы… Няма куды нават вярнуцца. Як толькі вайна скончыцца, дык я адразу паеду. Хоць прайдуся па тых вуліцах. Можа пра лёс сваіх нешта даведаюся. Раптам сведкі знойдуцца і нешта падкажуць. Надзея яшчэ малая застаецца. У мяне ж больш нікога няма на свеце».

Уладзімір Валкоўскі знаходзіцца ў Чэхіі. Сённяшні напад не абышоў бокам дом яго маці. І гэта не першы выпадак, калі варожая ракета ўдарыла па хаце блізкіх. «За час вайны двойчы прыляцела. Першы раз 13 снежня туды, дзе жыла мая бабуля. Сёння зноў прыляцела, але ўжо ў хату маці. Што я адчуваю? Цяжка нават сказаць. Нічога. Разумею для сябе, што трэба рабіць паслядоўныя дзеянні і ўсё. Я вельмі ўдзячны Богу і сябрам за тое, што і мае дзеці і мае родныя жанчыны знаходзяцца зараз у бяспецы. Я своеасаблівы шчасліўчык, таму што «злавіць» дзве ракеты з два месяцы запар гэта «габрэйскае шчасце». Думаю ў чарговы раз аб тых, хто асуджае бежанцаў і якія зʼехалі. Верагоднасць прылётаў, вы кажаце? Як казаў Шаўчэнка, «падманвайце сябе, чужых людзей, але не падманвайце Бога». Кожны матэматык скажа, што нават калі верагоднасць 0,00001 у асобны момант часу, то калі час рухаецца да бясконцасці, то працэнт верагоднасці таксама рухаецца да бясконцасці. А тут верагоднасць значна ўзрастае», – кажа ў размове з «Белсатам» спадар Валкоўскі.

А што адчуваюць тыя, якія знаходзяцца ва Украіне. Таццяна Самойлава ў Харкаве разам з мужам. Сямʼя яе сына ў Дзергачах. Сёння ўсе ведаюць, што там адбылося. Ці хапае хованак, ці бягуць туды ратавацца людзі? Таццяна кажа: «Я хутка апранулася, узяла з сабой тэрмас і бутэрброды на хуткую руку. А муж мой выходзіць спакойненька так у залю і кажа: «Далёка сабралася на ноч гледзячы?». Я яму крычу, што нельга так, што можам загінуць. Раптам у нашу кватэру менавіта ў гэтую ноч ракета бахне. А ён: «Ну можа давай спачатку боршч паядзім, а потым паглядзім?». Ну, што з ім рабіць?! Адна не пайду. Калі загінуць, то ўжо разам… Мінулы раз зусім блізка ад нас бамбілі. Пайшлі раніцай паглядзець, дык я не вытрымала і пачала раўці на ўвесь голас. Што ж яны робяць, фашысты?! Які ў нас горад быў перад вайной! Ненавіджу іх да такой ступені, што не магу перадаць. Гэта яны мяне такой зрабілі. Я ж руская. Вось вучу на старасці гадоў украінскую мову. Ненавіджу рускую і не магу размаўляць нават з некаторымі сваякамі, якія ў Расеі. Разумею, што прапаганда вінаватая. Але да мяне ўсё роўна не даходзіць: як можна зусім не мець сваіх мазгоў?»

Як быць зараз тым грамадзянам краіны, якія чакаюць з нецярпеннем падтрымкі ў выглядзе магутнай зброі? Хто можа даць ім гарантыю, што больш ніводны горад у краіне вораг не акупуе? Страшна ўявіць сабе якое зноў людское мора пальецца за мяжу. Украінцы добра ведаюць, што чакае насельніцтва, калі ў горадзе будуць арудаваць акупанты. Дзе гарантыя, што наступным разам ракета, запушчаная ў бок Польшчы, не разгорнецца за 20 км да мяжы? Усе стаміліся і гэта зразумела, але кошт чакання занадта высокі.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў