Наступствы масаванай паветранай атакі на Украіну: мінімум 5 чалавек загінулі


Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што пад расейскі ўдар трапілі шэсць рэгіёнаў Украіны. Больш за ўсё пацярпелых у Кіеве.

Праваахоўнік стаіць каля жылога дому, пашкоджанага ў выніку ракетнага абстрэлу Кіева, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Паводле ўладаў Кіева, у выніку расейскай атакі ў сталіцы загінулі тры чалавекі, 21 атрымаў раненні. Больш за ўсё пацярпелых у Галасееўскім раёне: падзенне абломкаў ракеты выклікала пажар у шматкватэрным доме, загарэліся таксама дзясяткі аўтамабіляў. Сярод пацярпелых – цяжарная жанчына.

Пазней МУС паведаміў, што пад заваламі знойдзена цела яшчэ адной ахвяры. Такім чынам, колькасць загінулых у Кіеве дасягнула чатырох чалавек.

Жанчыны абдымаюць адзін аднаго ля месца ракетнага ўдару ў Кіеве, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News
Супрацоўнікі ДСНС заносяць параненага ў машыну хуткай дапамогі на месцы ракетнага абстрэлу ў Кіеве, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Таксама ёсць пацярпелыя ў Дняпроўскім раёне, дзе былі пашкоджаны высакавольтныя лініі. Без электрычнасці засталося больш за 19 тысяч спажыўцоў, у тым ліку абʼекты аховы здароўя.

Работнікі ДСНС тушаць пажар у жылым доме пасля ракетнага абстрэлу Кіева, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News
Ратавальнікі і мясцовыя жыхары нясуць на насілках параненага чалавека пасля ракетнага абстрэлу Кіева, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Handout / Ukrainian Emergency Service / AFP / East News

Агулам падзенне абломкаў было зафіксавана ў 8 паселішчах Кіеўшчыны. Два чалавекі ў вобласці атрымалі траўмы.

У Мікалаеве былі разбураны дзясяткі жылых дамоў: загінуў 70-гадовы пенсіянер, яшчэ адзін чалавек атрымаў раненні. На Харкаўшчыне пацярпелі двое цывільных.

Наступствы паветранай атакі ў Мікалаеве, Украіна. 7 лютага 2024 года.
Фота: Головне управління ДСНС України у Миколаївській області / Facebook

У Драгабычы Львоўскай вобласці ракета трапіла ў прамысловы аб’ект: будынак быў часткова зруйнаваны, распачаўся пажар. Людзі не пацярпелі.

Паводле Паветраных сілаў ЗСУ, агулам раніцай 7 лютага расейцы запусцілі па гарадах Украіны 64 сродкаў нападу – дронаў-камікадзэ і ракетаў розных тыпаў. Усяго расейцы 7 лютага запусцілі:

  • 20 ударных беспілотнікаў «Shahed» з мысу Чаўда (Крым);
  • 29 крылатых ракет Х-101/Х-555/Х-55 з дзесяці самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС з раёну Энгельса і Каспійскага мора;
  • 4 крылатыя ракеты Х-22 з бамбавальнікаў Ту-22М3 з Севастопалю і Курску;
  • 3 крылатыя ракеты марскога базавання «Калібр» з караблёў у Чорным моры;
  • 3 балістычныя ракеты «Іскандэр» з Крыму і Варонежскай вобласці;
  • 5 зенітных кіраваных ракет С-300 з Белгародскай вобласці.

Паводле Паветраных сілаў ЗСУ, усяго сілы супрацьпаветранай абароны здолелі знішчыць 44 і 64 цэляў: 26 крылатых ракет Х-101/Х-555/Х-55; 3 ракеты «Калібр» і 15 дронаў-камікандзэ.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў