Дамаўляцца трэба хоць з лысым чортам!

Мы павінны крычаць паўсюль, што ў нашай краіне павольна забіваюць людзей у турмах. Мала казаць пра тое, што яны ў пякельных умовах, трэба яшчэ і расказваць, у якіх менавіта. Бо людзі ў нармальных краінах уяўлення не маюць, праз што праходзяць нашыя палітвязні. Няўжо можна параўноўваць беларускія турмы і калоніі з тымі, якія ў Еўразвязе? Ды што там у Еўразвязе, у той жа Украіне, напрыклад. Хоць там ідзе вайна.

Гадавіна Слуцкага збройнага чыну
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі маршу на Дзень беларускіх герояў трымаюць сцягі і банэры з партрэтамі палітвязняў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Што такое месяцамі сядзець у штрафным ізалятары? Мікола Статкевіч у сакавіку 2013 года пабываў у Швецыі і з экскурсіяй наведаў турму. Ён быў вельмі ўражаны і напісаў пра гэта:

«Аднамясцовая камера з тэлевізарам і без «веек» на вокнах можа з лёгкасцю даць фору большасці айчынных гатэляў. Адзінае, што нагадвае тут пра турму, – форма працаўнікоў, якія суправаджаюць нас па СІЗА, ды шматлікія надпісы на сценах, зробленыя ранейшымі гаспадарамі, раскватараванымі тут за ўчыненыя злачынствы.

Згадваючы, якія ўмовы для зняволеных прадугледжаныя вынаходлівым розумам адміністрацыяў беларускіх турмаў і калоніяў, адразу ўяўляеш, якая кара напаткала б мясцовых «мастакоў». Выбар пакаранняў у Беларусі, у прынцыпе, невялікі. Або стандартнае: «Удома на сценах будзеш маляваць!», альбо адкрытае: «Ты ў мяне языком усё вытраш, с..ка!», з абавязковым пасяленнем у ШІЗА ці карцар. Шведскі падыход да вырашэння падобных пытанняў аказаўся «банальным».

Статкевіч, які быў знаёмы не з чутак з мерамі пакарання, пачуў адказ ад гіда: «Мы не можам караць, мы можам рэкамендаваць зняволенаму… устрымацца ад жадання распісваць сцены і папярэдзіць, што, магчыма, адміністрацыя ўстановы будзе вымушаная ўтрымаць некаторую суму грошай з ягонай заработнай платы або з асабовага рахунку для ліквідацыі малюнкаў і надпісаў».

Нагадаю: гэта было ў 2013 годзе. Тады палітык пісаў:

«Дагэтуль я ўспамінаю перапоўненыя «сталыпіны», у якіх нас перавозілі па краіне, 20–30 чалавек у купэ, пад здзекі і знявагі кантралёраў. Як мы месяцамі сядзелі ў перапоўненых камерах Валадаркі, 40–50 чалавек на 25 квадратных метрах. Як кантралёры Жодзінскай турмы атрымлівалі асалоду, збіваючы кіянкамі (драўляны малаток з доўгай ручкай для прастуквання) падследных хлопцаў.

Праходзячы па стэрыльна чыстых калідорах шведскай турмы, я фізічна адчуваў, наколькі мы абыякавыя да ўласнай краіны, для якой, адразу пасля змяшчэння ў СІЗА, мы ператвараліся ў «адкіды грамадства». Нікому не патрэбная жывёліна, якая не заслугоўвае хоць трохі павагі. Кожную секунду нас спрабавалі раздушыць маральна і фізічна, называючы гэта «перавыхаваннем» і «рэсацыялізацыяй». А ў шведскай турме надыходзіў час абеду, на які зняволеным падавалі… лазанню і салат са свежай гародніны з аліўкамі».

Ясна, што турма (нават такая, як у Швецыі) у разуменні нармальнага сярэднестатыстычнага чалавека – страшнае месца, куды б ён ніколі не хацеў бы трапіць. Але ці ведаюць тыя ж шведы, што такое турма ў Беларусі ў ХXІ стагоддзі? І што такое штрафны ізалятар у гэтай турме?

Абноўлена
Нават захоп палонных. Прапанаваныя тры стратэгіі вызвалення палітвязняў
2023.12.03 17:45

Паводле закону, ШІЗА – гэта мера пакарання, якая павінна ўжывацца выключна да асабліва небяспечных асуджаных, рэцыдывістаў, якія злосна не выконваюць законных патрабаванняў адміністрацыі, якія дапускаюць збіццё іншых асуджаных і іншыя цяжкія ўчынкі. Там могуць трымаць чалавека ад 15 да 150 содняў. Але гэта было тады, калі яшчэ было «да законаў».

Чым ШІЗА адрозніваецца ад звычайнай камеры? Усе ведаюць, што ў ШІЗА забараняюцца спатканні са сваякамі, зносіны з іншымі асуджанымі, атрыманне і адпраўка лістоў. Але мала хто ведае, што ў халодную пару года тэмпература там 10–15 градусаў, а матрацы, коўдры, прасціны, падушка, цёплая вопратка – не выдаюцца. Людзі мерзнуць. Пра які нармальны сон можа ісці гаворка?

Уначы можна хаця б ляжаць на тых нарах з дошак, а з паловы шостай раніцы да паловы дзясятай вечара яны замацоўваюцца да сцяны. У камеры няма на чым сядзець, і да канца дня моцна ацякаюць ногі. Замест зэдлікаў да падлогі прывараная пара жалезных «грыбоў» памерам з палову дзіцячага зэдліка. Сядзець ці ляжаць на падлозе забараняе адміністрацыя пад пагрозай новых пакаранняў.

Людзі змушаныя спаць у сваім брудным адзенні на дошках. У камеры памерам 2 на 2,5 метра трымаюць пяць-сем чалавек. Вентыляцыя ў ШІЗА адсутнічае. Прыбіральня месціцца ў камеры і, як правіла, не працуе. Таму там пастаянны смурод ад фекаліяў і мачы. Вады няма, і вошы і розныя інфекцыйныя захворванні там звычайная з’ява.

Людзей у ШІЗА некалькі разоў на дзень змушаюць праходзіць догляд. Яны павінны цалкам раздзецца і прысядаць у голым выглядзе. Яны месяцамі застаюцца ў цёмным, смярдзючым, брудным і халодным памяшканні. Хворыя на туберкулёз і СНІД сядзяць з усімі ў агульнай камеры.

Можна працягнуць жудасны пералік катаванняў і здзекаў, праз якія праходзяць нашыя палітвязні. Але і гэтага дастаткова, каб уявіць жахлівыя ўмовы, у якія яны трапілі. Ці ёсць сэнс казаць пра тых, хто мае хранічныя захворванні? А пра тых, хто старэйшага веку, з усімі наступствамі? А пра тых, каму патрэбная тэрміновая шпіталізацыя?

Мала. Вельмі мала казаць аб тым, што ў нас тысячы людзей праходзяць праз гэтыя катаванні. Трэба абавязкова распавядаць, як гэтыя катаванні выглядаюць. Даводзіць, што пакутліва забіваюць самых непакорлівых. А гэта нашыя лідары, палітыкі, юрысты, выкладчыкі, мастакі, журналісты. Усе нашыя палітвязні – эліта нацыі.

Час ідзе, і ён забірае ўсё больш здароўя і маральных сілаў. Таму не трэба займацца дыскусіямі аб «маральнасці» перамоваў з кім бы там ні было. Хоць з лысым чортам, калі гэта дапаможа ўратаваць людзей. І не трэба казаць, што гэта «перакрэслівае ўсе нашыя намаганні». Добра разважаць, калі ты сам на волі, у бяспецы, сыты і дыхаеш свежым паветрам, а не лайном у кансервавым слоіку.

Баявікі «Хамасу» пахапалі закладнікаў, бо ведалі, як ізраільцяне шануюць жыцці сваіх суайчыннікаў. Яны маглі за той жах, які перажылі 7 кастрычніка, зраўнаваць з зямлёй усе іхныя падземныя тунэлі, але яны пайшлі на перамовы з забойцамі, таму што выратаванне жыццяў сваіх для іх значна важней за помсту. Няўжо ў нас не падобная сітуацыя?

Трэба. Трэба выкарыстоўваць усе сродкі: купляць, здымаць нейкія санкцыі, пасадзіць кагосьці ў самалёт і адправіць, куды скажа, – усё, каб выратаваць жыцці палітвязняў. Бо для шмат каго з іх толькі вызваленне будзе выратаваннем жыцця.

Аналітыка
Раней невядомыя доказы масавых катаванняў і збіванняў 9–13 жніўня 2020-га. У тым ліку пацверджанне згвалтавання
2023.11.24 16:31

Любоў Лунёва belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў