У Адэсе пачалі дэмантаж помніка расейскай імператрыцы Кацярыне ІІ


Адэсіты вырашылі лёс помніка Кацярыне ІІ на онлайн-апытанні, што запусціла мэрыя. 6 лістапада помнік падрыхтавалі да зносу, «запакавалі» Кацярыну ІІ у чорны пакет, расказвае «Суспільне».

Помнік Кацярыне ІІ падрыхтавалі да зносу. Адэса, Украіна. 6 лістапада 2022 года.
Фота: suspilne.media

Гарадская рада Адэсы запусціла 20 верасня апытанне аб зносе або захаванні помніка расейскай імператрыцы Кацярыне ІІ. Адэсітам прапаноўвалі розныя варыянты захавання помніка (напрыклад, з дэмантажом імперскіх сімвалаў ці з інфармацыйнай шыльдай аб дзейнасці імператрыцы), але перамог варыянт поўнага зносу. Мэр падтрымаў рашэнне, яго затым ухваліла гарадская рада.

Знос помніка падтрымалі і актывісты арганізацыяў «Демократична сокира» і «Зелений лист»: 2 лістапада на помнік надзелі чырвоны каўпак кáта, на руку Кацярыне павесілі пятлю. Яны патлумачылі, што помнік – адзін з маркераў «рускага міру», а імператрыца падчас свайго праўлення «займалася зьнішчэннем усіх праяваў украінскай нацыі, зруйнавала гетманат і цалкам знішчыла Запарожскую Сеч».

29 кастрычніка Уладзімір Пуцін заявіў, што «нават крайнія нацыяналісты не вырашаюцца знесці помнік заснавальніцы гораду». На той момант вынікі апытання ўжо былі вядомыя, але гарадская рада яшчэ не паспела правесці сваё галасавання.

Беларускі гісторык Аляксандр Фрыдман звярнуў увагу на тое, што ў Адэсе прынамсі пакуль не зносяць помнік колішняму граданачальніку Эманюэлю дзю Рышэльё, які паступіў на службу да Кацярыны ІІ і быў таксама расейскім генерал-губернатарам, але зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё гораду.

Аналітыка
«За рэпарацыйныя грошы ад Расеі потым усё адновім». Як Украіна абараняе ад вайны культурную спадчыну
2022.03.15 13:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў