Следчыя знайшлі вінаватага ў гібелі двух шахцёраў «Беларуськалію» год таму


Следчы камітэт Беларусі год разбіраўся ў прычынах гібелі 3 жніўня 2021 года двух работнікаў «Трэст Шахтаспецбуд» на тэрыторыі Петрыкаўскага горнаўзбагачальнага комплексу «Беларуськалію» і знайшоў вінаватага, які парушыў інструкцыю.

Петрыкаўскі горнаўзбагачальны камбінат.
Фота: Shahta.by

Паводле звестак Следчага камітэту, у тую ноч кіроўца даставачнай машыны перавозіў у ваганетцы металічныя дэталі для мантажу стужкавага канвеера. Машына рухалася па штрэку пад моцным ухілам, кіроўца спыняўся праз кожныя 6–7 метраў, у ваганетку залазілі два зваршчыкі і выгружалі патрэбную колькасць ролікаў. На апошнім пункце кіроўца пакінуў кабіну, не зафіксаваўшы машыну. Неўзабаве яна пакацілася ўніз і сутыкнулася з бункерам-перагружальнікам праходчага камбайна. Мужчыны ва ўзросце 27 і 33 гадоў, якія былі ў ваганетцы, атрымалі шматлікія траўмы, ад якіх памерлі на месцы.

На падставе сабраных у справе доказаў следства прыйшло да высновы, што кіроўца дапусціў парушэнне правілаў эксплуатацыі машынаў і механізмаў пры правядзенні будаўнічых і горных работаў, што прывяло праз неасцярожнасць да смерці людзей. Цяпер яму пагражае крымінальная адказнасць паводле ч. 2 арт. 303 КК – абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

З прычыны гэтага здарэння на прадпрыемстве больш за 40 супрацоўнікаў арганізацыі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

Hавiны
На шахце пад Петрыкавам загінулі два рабочыя
2021.08.03 15:27

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў