Расейскія вайскоўцы скінулі на Бахмут забароненыя фосфарныя і запальныя боепрыпасы


У Бахмуце Данецкай вобласці, за які ўжо дзясяты месяцаў ідуць разлютаваныя баі, расейскія вайскоўцы ўжылі забароненыя фосфарныя бомбы. На апублікаваных 5 траўня відэа бачна, што на горад падаюць снарады – верагодна, з белым фосфарам.

Бахмут абстралялі фосфарнымі бомбамі. Скрыншот з відэа: ukr_sof / Telegram

Спачатку аб абстрэле паведамлялі мясцовыя тэлеграм-каналы, а неўзабаве байцы Сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны (ССА) паказалі відэа масіраванай атакі фосфарнымі снарадамі.

«Вораг выкарыстаў фосфарныя і запальныя боепрыпасы ў Бахмуце, спрабуючы сцерці горад з зямлі. Аднак воіны ССА і іншых падраздзяленняў Сіл абароны працягваюць мужна абараняць горад», – паведаміла прэс-служба ССА.

Магчыма, скідаючы фосфарныя бомбы рускія вайскоўцы і найміты ПВК «Вагнэр» спрабуюць падсвяціць поле бою. Жыхары Бахмута ў каментарах пад відэа распавялі аб тым, што акрамя фосфару, расейскія войскі ўжываюць нейкі газ.

Нагадаем, выкарыстанне фосфарных боепрыпасаў супраць мірнага насельніцтва строга забаронена Пратаколам III да Канвенцыі аб канкрэтных відах звычайнай зброі, якія могуць лічыцца якія наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбарчае дзеянне.

Фосфарныя бомбы змяшчаюць у сабе запаленчае злучэнне, тэмпература гарэння якога перавышае 800 °C. Выбухная хваля можа раскідаць рэчыва па тэрыторыі плошчай некалькі соцень квадратных метраў. Белы фосфар атрутны, яго парамі можна атруціцца, таксама ён здольны нанесці цяжкія траўмы, спальваючы скуру і косці.

З пачатку вайны ўкраінскія ўлады неаднаразова паведамлялі аб тым, што расейскія вайскоўцы скідаюць фосфарныя бомбы на гарады Луганскай і Данецкай вобласцяў.

Раней сакратар Савету нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заяўляў аб планах Расеі захапіць Бахмут да 9 траўня. А кіраўнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын 5 траўня заявіў, што выведзе сваіх наймітаў з Бахмуту 10 траўня, калі ім не паставяць узбраенне. 5 траўня стала вядома, што ЗСУ знішчылі склад боепрыпасаў ПВК «Вагнэр» пад Бахмутам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў