БАЖ: Прысуд Залатых – чарговая расправа над журналістам


У лукашэнкаўскім судзе вынеслі чарговы прысуд журналісту. Дырэктару газеты «Белорусы и рынок» Канстанціну Залатых прысудзілі 4 гады зняволення. У БАЖ падкрэсліваюць, што гэта – чарговая расправа за прафесійную дзейнасць. Цяпер за кратамі ў нашай краіне 35 журналістаў.

Канстанцін Залатых.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

Медыяменеджара і дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі. Прысуд агучыла так званая суддзя Алена Шылько. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў размове з «Белсатам» кажа, што гэты прысуд – чарговая расправа над журналістам. Улады Беларусі зачышчаюць усіх асобаў, звязаных з незалежнымі медыямі.

«На жаль, дырэктар газеты «Белорусы и рынок» трапіў пад іх руку ў канцы мінулага года. У Беларусі гэтае выданне заставалася адзінай агульнанацыянальнай грамадска-палітычнай газетай. Доўгі час газета магла выходзіць і была своеасаблівым глытком свабоды для тых, хто за кратамі. Бо газету ў няволі маглі чытаць многія палітвязні і гэта заставалася такой сувяззю з светам. Таму ў пэўны момант сілавікі наведаліся ў рэдакцыю, учынілі ператрус і затрымалі дырэктара газеты», – кажа Барыс Гарэцкі.

Hавiны
Дырэктару газеты «Белорусы и рынок» прысудзілі 4 гады калоніі
2023.04.06 14:02

Суразмоўца «Белсату» нагадвае, што рэдакцыя паўтара года пасля разгрому незалежных медыяў заставалася ў Менску і працавала. Яны рабілі важную справу. Вядома, што кожны цяпер, хто ў Беларусі і займаецца медыямі, рызыкуе сваёй свабодай. А ўжо пасля затрымання ўлады могуць завесці справу з максімальным спісам артыкулаў.

«У сітуацыі з Канстанцінам Залатых гэта таксама прыклад. Бо калі забралі тэхніку, то прагледзелі ўсё, што магчыма. Сілавыя органы Беларусі так і працуюць, спачатку арыштоўваюць, а потым шукаюць нейкія доказы віны», – кажа Барыс Гарэцкі.

Канстанціна Залатых затрымалі летась 18 сакавіка. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 130 («Распальванне варожасці»), ч. 1 арт. 368 («Знявага прэзідэнта»), арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), ч. 2 арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).

У пачатку чэрвеня 2022 года праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем.

Паводле прадстаўніка БАЖ, цяпер у Беларусі за кратамі 35 журналістаў. Прычым апошнім часам колькасць працаўнікоў медыяў, якія апынуліся за кратамі, расце. Улады працягваюць ціск, працягваюць арышты. Большасць вязняў – журналісты, якіх раней асудзілі паводле крымінальных справаў і якія адбываюць цяпер вялізныя тэрміны.

Hавiны
Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» не выйшаў на волю праз трое содняў пасля затрымання
2023.03.18 20:38

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў