Улады Кіева пацвердзілі, што загадалі знесці помнік Герою Украіны, беларусу Жызнеўскаму


У дэпартаменце культуры Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі (КГДА) паведамілі, што помнік Герою Украіны, беларусу Міхаілу Жызнеўскаму знеслі, бо ён не меў статусу аб’екту культурнай спадчыны. Такі адказ з установы атрымала радыё «Свабода».

Зніклы помнік Міхаілу Жызнеўскаму.
Фота: дабрачынны фонд «Валошка»

«Памятны знак Міхаілу Жызнеўскаму не застаецца на балансе і абслугоўванні камунальных прадпрыемстваў Пячэрскага раёну гораду Кіева, на балансе дэпартаменту культуры і падпарадкаваных яму ўстановаў», – гаворыцца ў афіцыйным адказе.

Як заявіў дырэктар дэпартаменту культуры КГДА Сяргей Анжыяк, «памятны знак» Міхаілу Жызнеўскаму не набыў ахоўнага статусу аўтаматычна, калі тэрыторыю, на якой ён размяшчаўся, уключылі ў дзяржаўны рэестр помнікаў як помнік гісторыі мясцовага значэння.

У выніку помнік знеслі, бо на яго месцы вырашылі зрабіць новы мемарыял героям-кіеўлянам, якія загінулі ў антытэрарыстычнай аперацыі з 2014 года на ўсходзе Украіны.

Анжыяк дадаў, што да кіеўскіх уладаў ніхто не звяртаўся па ўсталяванне або перанос знесенага помніка Жызнеўскаму. Разам з тым, паводле яго, Камісія ў пытаннях усталявання помнікаў пры КГДА можа разгледзець такі зварот, калі ён будзе зроблены.

Раней у Музеі рэвалюцыі Годнасці заяўлялі, што дэмантаж помніка Жызнеўскаму нібыта ўзгаднялі з грамадскай арганізацыяй «Сям’я Герояў «Нябеснай сотні». Аднак у афіцыйным адказе кіеўскіх уладаў адсутнічае інфармацыя, што пытанне дэмантажу абмяркоўвалі з якімі-небудзь арганізацыямі, актывістамі ці ўстановамі.

Міхаіл Жызнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 года падчас Еўрамайдану ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званнем Героя Украіны і перад гэтым пасмяротна далі ўкраінскае грамадзянства. Помнік Жызнеўскаму быў пастаўлены ў лістападзе 2014 года недалёка ад меркаванага месца ягонай гібелі ў Кіеве, на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага.

Помнік беларусу дэмантавалі ў 2021 годзе і схавалі ў кустах, дзе яго знайшлі актывісты ў кастрычніку 2023 года. У студзені 2024 года будзе адзначацца дзясятая гадавіна гібелі Жызнеўскага.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за Украіну
2023.10.01 15:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў