Колькі «тэрыторыі Расеі» Пуцін страціў, пакуль падпісваў паперы аб анексіі частак Украіны


Падпісанне дакументаў аб анексіі украінскіх вобласцяў супала з вызваленнем Збройнымі сіламі Украіны часткі гэтых тэрыторыяў. Мы паглядзелі на мапы і прыкінулі, колькі ўжо страціла Расея.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Графіці вулічнага мастака Ларэта, якая паказвае Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага. Лондан, Вялікая Брытанія. 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: Henry Nicholis / Reuters / Forum

У ноч з 29 на 30 верасня Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызнанні «незалежнасці» Запарожскай і Херсонскай вобласцяў Украіны. Ужо было вядома, што ён збіраецца анексаваць іх, а таксама Данецкую і Луганскую вобласці: «рэферэндумы» аб далучэнні да Расеі на акупаваных тэрыторыях праводзілі 23–27 верасня. Але яшчэ трывалі фармальнасці: рашэнне Пуціна аб анексіі разглядаў Канстытуцыйны суд, ухвалялі Дзяржаўная Дума і Савет Федэрацыі. Выніковы закон аб анексіі Пуцін падпісаў толькі 5 кастрычніка.

Яшчэ пазаўчора Крэмль не быў упэўнены, у якіх межах фармальна анексаваць чатыры вобласці. Сёння дзяржаўныя медыі Расеі малююць анексаванымі цалкам усе вобласці ў іх адміністрацыйных межах з 8,8 млн чалавек, але пазначаюць частку вобласцяў «пад кантролем ЗСУ».

Разбор
Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць
2022.09.29 07:30

Расея не кантралюе буйных частак «анексаваных» вобласцяў. Колькі тэрыторыі застаецца пад кантролем Украіны і колькі адносіцца да «нічыйных» у ваенным сэнсе, дакладна ведаюць толькі ў вайсковым камандаванні. Ва Украіне не адразу хваляцца поспехамі Збройных сілаў, каб не даваць падказак ворагу, і прынамсі дзень трымаюць «рэжым цішы» адносна нядаўніх падзеяў. У Расеі могуць маляваць «сваймі» тэрыторыі, з якіх ужо адступілі – як было з Харкаўскай вобласцю месяц таму, калі Мінабароны Расеі на сваіх мапах за дзень «страціла» траціну вобласці.

Колькі прыблізна кантралюе Расея, можна меркаваць з мапаў, якія малююць украінскія і заходнія назіральнікі. Напрыклад, ананімны ангельскамоўны Twitter-акаўнт «War Mapper» штодзень абнаўляе мапы вайны ва Украіне са звестак з адкрытых крыніцаў.

Мапа вайны ва Украіне 29 верасня і вечарам 5 кастрычніка. Выявы: War Mapper / Twitter

На ранак 5 кастрычніка «War Mapper» малюе так:

  • Данецкая вобласць – 51,7 % акупавана Расеяй.
  • Запарожская вобласць – 72,1 % акупавана Расеяй.
  • Херсонская вобласць – 88,8 % акупавана Расеяй.
  • Луганская вобласць – 97,5 % акупавана Расеяй.

Паводле «War Mapper», з 29 верасня да 5 кастрычніка Расея страціла кантроль над 18,4 % захопленай тэрыторыі Херсонскай вобласці, 4,8 % у Луганскай і 4,2 % у Данецкай вобласці, а таксама працягнула адступаць з рэшты Харкаўскай вобласці, якую не «анексавала».

Падобныя тэмпы адступлення бачныя на мапах амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), ды гэтыя мапы крыху больш «адстаюць у часе»: сёння ISW піша пра стан на ўчорашнюю раніцу. Адступленне заўважнае нават на мапах Міністэрства абароны Расеі: мапаў яны не публікуюць і пра адступленні практычна не паведамляюць, але кавалкі мапы паказваюць на відэа.

Мапа вайны ва Украіне 29 верасня і вечарам 4 кастрычніка. Выявы: understandingwar.org

Найбольш аператыўна мапы абнаўляе праект Deepstatemap.live: як толькі ёсць надзейнае пацверджанне, што ЗСУ ўзнялі сцяг над домам культуры ў сяле, гэтае сяло на мапе пазначаюць як адваяванае. Праўда, з вечара 4 кастрычніка да сярэдзіны дня 5 кастрычніка зменаў там не пазначалі.

Паводле «Deep State», Расея з 29 верасня да 5 кастрычніка страціла 2,9 % акупаванай тэрыторыі ў чатырох «анексаваных вобласцях».

З пачатку «рэферэндумаў» ЗСУ вызвалілі не менш за 2320 км², згодна звестак «Deep State».

Мапа вайны ва Украіне 29 верасня і вечарам 4 кастрычніка. Выявы: deepstatemap.live

Відавочна, проста за час напісання гэтага тэксту мапы могуць змяніцца: украінскі наступ не спыняецца, нягледзячы на падпісаныя Пуціным паперы.

Hавiны
Не толькі Ліман. ЗСУ працягваюць наступаць адразу на некалькіх кірунках
2022.10.03 19:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў