Тры гады адзначае беларускае аўдыявыдавецтва «Кніжны воз»


«Кніжны воз» — так называецца адмысловая платформа, дзе размяшчаюцца прафесійна агучаныя кнігі на беларускай мове для дзяцей і падлеткаў. Аўдыявыдавецтва паспяхова існуе ўжо тры гады і за гэты час сабрала вокал сябе кола аматараў.

Запіс кнігі для «Кніжнага возу». Крыніца: Кніжны воз / Facebook

Асноўная мэта праекту – папулярызаваць літаратуру на беларускай мове. Большасць літаратуры беларуская, напрыклад раман-казка «Пімкі» Кірыла Стаселькі пра неверагодныя з’явы і прадметы, але таксама ёсць прыклады і замежнай літаратуры. Гэта і «Рабінзон Круза», «Маўглі», «Том Соўэр», «Хронікі Нарніі», «Віня Пых» у перакладзе Віталя Воранава ды іншыя. Аднак праект развіваецца і выходзіць на новыя ўзроўні.

Калі спачатку аўдыявыдавества займалася выключна дзіцячымі кнігамі, то цяпер робіцца агучванне твораў і для дарослых. Сярод іх ёсць як беларускія, так і замежныя аўтары, напрыклад, творчасць Артура Конан Дойла пра датэктыва Шэрлака.

Усяго аўдыявыдавецтва рэпрэзентавала 64 кнігі. Частка з іх цалкам запісаная за сабраныя беларусамі ахвяраванні.

Бібліятэка «Кніжнага воза». Скрыншот: knizhnyvoz.com

Праект ствараецца прафесіяналамі ў сваёй справе. У агучванні ўдзельнічаюць у тым ліку акторы вольнага Купалаўскага тэатру. Запісам, мантажом, музыкай і мастацкім афармленнем займаюцца таксама прафесіяналы. Адмыслова пад кожны твор пішацца музыка.

Аўдыякнігі можна паслухаць праз сайт выдавецтва. Мабільны дадатак можна бясплатна спампаваць на App Store і Google Play.

Пры жаданні кожны можа заданаціць на развіццё праекту. Гэта можна зрабіць разава ці падпісацца для штомесячнага падтрымання. Суму кожны абірае сам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў