У Менску пераможцы конкурсу стартапаў атрымалі офісы ў бясплатную арэнду


У Менску падвялі конкурс стартапаў, пераможцы якога атрымалі ў якасці прыза офісы з бясплатнай арэндай на год. Разам з тым, стартап-рух у Беларусі перажывае не лепшыя часы. Аб гэтым паведамляе бізнес-выданне «Office Life».

Арганізатары конкурсу стартапаў.
Фота: officelife.media

5 траўня сталі вядомы вынікі конкурсу сярод стартапаў, арганізаваны бізнес-цэнтрам «Арлан». Да ўдзелу запрашалі любыя стартапы, ад якіх патрабавалі пацвердзіць, што іх ідэя інавацыйная і ўнікальная, а праект мае практычнае значэнне і можа быць рэалізаваны з перспектывай росту бізнесу.

Паводле арганізатараў конкурсу, з 34 стартапаў перамаглі два. Першае месца заняў стартап «LILOO», які займаецца спрашчэннем і аўтаматызацыяй працэсаў фармавання справаздач у падатковыя органы, а таксама кантролю прыбыткаў і выдаткаў. На другім месцы праект «Barband». Удзельнікі гэтага стартапу займаюцца распрацоўкай мабільнай аплікацыі для планавання адпачынку з сябрамі. Сваім карыстальнікам аплікацыя дапамагае знаходзіць аднадумцаў і выбіраць месца для сустрэч, а арганізатарам мерапрыемстваў і ўладальнікам устаноў – зацікаўленых кліентаў.

Прызам для пераможцаў стала бясплатная гадавая арэнда 70-метровага офісу з рамонтам і неабходнай мэбляй. Офіс мае нават гараж, што як лічаць арганізатары конкурсу сімвалічна адсылае да вопыту вядомых кампаніяў – «Apple», «Google», «Amazon», «Facebook» – якія пачыналі стартапы ў гаражах.

Такім чынам, беларускія стартаперы-пераможцы конкурсу маюць нават фору ў параўнанні з тым, у якіх умовах стартавалі цяперашнія IT-гіганты. Аднак беларускі стартап-рух зараз перажывае няпростыя часы. Па звестках кансалтынгавай кампаніі «CIVITTA», колькасць дзейсных стартапаў у Беларусі за 2022 год скарацілася на 4%.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў