Кадыраў падтрымаў Прыгожына ў канфлікце з уладамі Расеі, дапусціў адпраўку чачэнцаў у Бахмут


Лідар баевікоў «групы Вагнэра» Яўгеній Прыгожын у ноч на 5 траўня абмацюкаў вайсковае кіраўніцтва Расеі, а на раніцу заявіў, што баевікі сыдуць з украінскага Бахмуту 10 траўня праз брак боепрыпасаў. Прыгожына падтрымаў кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.
Фота: Kadyrov_95 / Telegram

Вечарам 5 траўня ў Telegram-канале Рамзана Кадырава з’явіўся вялікі пост пра Прыгожына і Бахмут. Кадыраў звярнуўся да міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і начальніка Генеральнага штабу Расеі Валерыя Герасімава – якраз іх раней абмацюкаў Яўгеній Прыгожын. Кадыраў папрасіў (ужо без мацюкоў) Шайгу аддаць загад «выехаць на месца і разабрацца».

«Мне, як і кожнаму неабыякаваму да лёсу нашай краіны, непрыемна чуць апошнія заявы Яўгена Віктаравіча [Прыгожына] і ўдвая непрыемна, што кіраўніцтва Мінабароны Расеі не каментуе ці не сустракаецца з кіраўніцтвам ПВК «Вагнэр» для прыняцця якога-небудзь рашэння ці тлумачэння», – пішуць ад імя Кадырава.

У пасце адзначаецца, што Прыгожын «заслугоўвае павагі за вызваленне гарадоў Данбасу», а чачэнскія байцы ў Марыупалі таксама мелі праблемы з тэхнікай для падтрымкі пяхоты. Але дадаецца, што здымаць целы загінулых дзеля рэзанансу (як рабіў Прыгожын) «няправільна».

Таксама ў пасце гаворыцца, што «калі сыдзе старэйшы брат Прыгожын», на ягонае месца ў Бахмуце «прыйдзе малодшы брат Кадыраў».

Адметна, што кадыраўцы, у адрозненне ад вагнэраўцаў, гэта законныя ўзброеныя фармаванні ў складзе Нацыянальнай гвардыі Расеі або Міністэрства ўнутраных справаў Расеі, але фармальна яны падпарадкоўваюцца не Кадыраву, а федэральным уладам, да якіх Кадыраў звяртаецца. «Група Вагнэра» ж – фармаванне, незаконнае нават паводле расейскіх законаў.

Ва Украіне кадыраўцаў называюць «тык-ток-войскамі» за актыўны піяр пры знаходжанні далёка ад перадавой вайны ва Украіне.

Аналітыка
Блеф ці ваенны мяцеж? Што азначае ўльтыматум Яўгенія Прыгожына
2023.05.05 18:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў