Вядомыя гурты і дыскусіі аб мінулым і будучыні: што будзе на онлайн-святкаванні Дня Волі


Каманда «БНР106» анансавала, што плануецца на онлайн-святкаванні Дня Волі 25 сакавіка. Яно будзе складацца з двух блокаў: музычнага і інфармацыйнага. Пра гэта гаворыцца на адмысловай старонцы bnr106.info.

Фота: bnr106.info

Вечарам 25 сакавіка арганізатары плануюць правесці канцэрт і яго онлайн-трансляцыю. На «БНР106» абяцаюць запрасіць папулярных беларускіх музыкаў, а таксама немузычных гасцей з розных сфераў. Як расказваюць арганізатары, ужо ёсць дамоўленасці з пляцоўкаю для канцэрту, музычнымі гуртамі і гасцямі.

Зараз сталі вядомыя некаторыя музыкі, якія возьмуць удзел у канцэрце: гэта «J:Морс», «Naviband» і «Dlina Volny». Арганізатары абяцаюць, што ў хуткім часе будуць названыя астатнія гурты.

У інфармацыйным блоку эксперты і эксперткі абмяркуюць падзеі 1918 года і іх значэнне для сучаснай Беларусі. Яны разам з гледачамі паразважаюць пра гісторыю, сучасную культуру і будучыню, пра якую мараць беларусы.

Для арганізацыі святкавання абвешчаны збор сродкаў. Праз «BYSOL» плануюць сабраць 25 тысяч еўраў, з якіх 10 тысячаў маюць выдаткаваць на арганізацыю музычных выступаў (у тым ліку праезд, пражыванне, тэхнічны райдар і ганарары артыстам), 7 тысячаў – на арэнду гукавога і светлавога абсталявання, 4,5 тысячы – на паслугі тэхнічнай каманды, 3,5 тысячы – на арэнду пляцоўкі.

Прадстаўнік каманды «БНР106» Антон Матолька раней тлумачыў «Белсату», што з часам назавуць і чальцоў каманды (не ўсіх – з увагі на бяспеку), і выступоўцаў, і месца канцэрту. Інфармацыю будуць выдаваць паступова.

Галоўнае, кажа Матолька, каб канцэрт пабачылі не толькі беларусы ў эміграцыі, але і людзі ў Беларусі, таму хочуць зрабіць трансляцыю з максімальным ахопам.

Каментар
На Дзень Волі задумалі канцэрт БНР-106 у фармаце «late night show», пачалі збор грошай
2024.03.01 09:00

Ахвяраваць на правядзенне «БНР106» можна тут, прымаюцца любыя сумы ад 5 еўраў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў