Раздзявацца і працаваць: колькі ў Беларусі святочных дзён у параўнанні з іншымі краінамі


З 4 да 7 лістапада беларусы маюць доўгія выходныя і будуць адпачываць чатыры дні запар. Праўда, адзін з іх давядзецца адпрацаваць: працоўны дзень з 6 лістапада пераносіцца на 11-га. У звязку з гэтым мы паглядзелі, колькі наагул беларусы маюць выходных святочных дзён для адпачынку цягам года і ці шмат гэта ў параўнанні з жыхарамі іншых краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: kipmu.ru

Колькі дзён адпачываем у Беларусі

Афіцыйна ў нашай краіне адзначаюць 9 святочных выходных дзён. Згодна з Працоўным кодэксам, да іх ліку адносяцца:

  • 1 студзеня – Новы год,
  • 7 студзеня – Нараджэнне Хрыстова (паводле календара праваслаўнай канфесіі),
  • 8 сакавіка – Дзень жанчын,
  • Радаўніца (паводле календара праваслаўнай канфесіі),
  • 1 траўня – Свята працы,
  • 9 траўня – Дзень Перамогі,
  • 3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь,
  • 7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі,
  • 25 снежня – Нараджэнне Хрыстова (паводле календара каталіцкай канфесіі).

У 2023 годзе сюды дадаваўся яшчэ адзін дзень – 2 студзеня, бо Новы год (1 студзеня) прыходзіўся на нядзелю.

Насамрэч святаў у Беларусі нашмат больш, праўда, не ўсе з іх пазначаныя як выходныя дні. Некаторыя ж, наадварот, прыпадаюць выключна на нядзелю. Гэтак, не адпачываем мы ў такія дзяржаўныя святы, як Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка), Дзень народнага адзінства Беларусі і Расеі (2 красавіка), нядаўна ўведзены Дзень народнага адзінства (17 верасня) або ў Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь (23 лютага) ды інш.

З улікам таго, што святы Вялікадня (паводле календароў праваслаўнай і каталіцкай канфесіяў) прыходзяцца на нядзелю, то і дадатковага дня адпачынку мы не атрымліваем (хаця з 1992 да 1998 года выходнымі лічыліся яшчэ і наступныя за гэтымі днямі панядзелкі). Усяго ж у Законе аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь у нас адзначаныя 18 датаў.

Такіх доўгіх выходных, як лістападаўскія, сёлета ў беларусаў выдалася некалькі: па чатыры дні запар мы адпачывалі ў красавіку (25 красавіка адзначалася Радаўніца, таму працоўны дзень з панядзелка 24-га пераносіўся на 29-га) і ў траўні (працоўны дзень з 8 траўня перад Днём Перамогі пераносіўся на 11-га).

Звычайна графік выходных дзён і пераносаў працоўных дзён на наступны год зацвярджаюць недзе ў пачатку лістапада, таму хутка мы даведаемся, у якія дні будзем адпачываць у 2024-м.

Усяго ж у 2023 годзе ў Беларусі агулам 252 працоўныя дні і 113 непрацоўных (святочных).

Як адпачываюць суседзі

Але 9 афіцыйных святочных выходных – гэта шмат ці мала? Паглядзелі, што з імі адбываецца ў суседзяў.

Расея. У нашых усходніх суседзяў на год прыпадае ажно 14 непрацоўных дзён, звязаных са святамі. Найперш іх колькасць значна павялічваецца за кошт «навагодніх вакацыяў», якія грамадзяне РФ адзначаюць 1, 2, 3, 4, 5, 6 і 8 студзеня. З улікам таго, што на 7 студзеня прыпадае таксама свята Нараджэння Хрыстова, то адпачываюць яны ў гэты перыяд ажно 8 дзён.

Акрамя таго, святочны выходны дзень, у адрозненне ад Беларусі, у іх таксама 23 лютага – Дзень абаронца Айчыны.

Згодна з заканадаўствам, пры супадзенні выхаднога і непрацоўнага святочнага дня ў Расеі выходны дзень, як правіла, пераносіцца на іншы працоўны дзень. Гэта значыць, калі 8 сакавіка прыходзіцца на нядзелю, то панядзелак робіцца непрацоўным днём. У Беларусі ж такога правіла няма.

Суадносіны працоўных і выходных/святочных дзён у Расеі складаюць 247 супраць 118.

Ва Украіне ў календары святочных дзён адзначаныя 12 датаў. Сярод іх – Вялікдзень і Тройца, якія прыпадаюць на нядзелю, таму, уласна, выходнымі з іх можна назваць толькі 10.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі аглядаюць выставу расейскай варожай тэхнікі ў Дзень Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

З асаблівасцяў у гэтай краіне можна адзначыць, што Дзень Перамогі, які адзначалі 9 траўня, перанеслі на 8-га траўня і цяпер называецца Днём памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне 1939–1945 гадоў. Таксама Нараджэнне Хрыстова адзначацца будзе цяпер 25 снежня, а з пераліку святаў знікла дата 7 студзеня.

Адна з асаблівасцяў святочнага календара ва Украіне – падчас ваеннага становішча святочныя дні не выходныя і не пераносяцца на наступны дзень пасля святочнага ці непрацоўнага.

У 2023 годзе ва Украіне выходзіць 259 працоўных дзён, адпаведна 106 – выходныя і святочныя.

У Польшчы ўсяго адзначаюць 13 святаў: 10 дзяржаўных і 3 рэлігійныя, і ўсе яны ёсць выходнымі днямі. Акрамя агульных з беларусамі святаў, кшталту Новага года ці Дня працы, тут шырока адзначаюцца такія рэлігійныя даты, як Свята Трох Каралёў (6 студзеня), Свята Божага Цела (адзначаюць на другі чацвер пасля Пяцідзясятніцы, у 2023 годзе прыпадаў на 8 чэрвеня), Дзень усіх святых (1 лістапада) ды інш.

Ёсць у польскай традыцыі адзначэнне велікоднага панядзелка – наступнага дня пасля Вялікадня, які таксама выходны.

Пры гэтым часам палякам шанцуе на па-сапраўднаму доўгія выхадныя. Напрыклад, сёлета травеньскія святы цягнуліся ажно 5 дзён: з 29 красавіка да 3 траўня, таму шмат хто з палякаў, якія ўзялі яшчэ дадатковыя дні адпачынку, атрымалі сапраўдныя міні-вакацыі.

Адметны і такі момант: згодна з Працоўным кодэксам гэтай краіны, калі свята выпадае на суботу, то працаўнік можа ўзяць выходны ў іншы дзень.

У 2023 годзе ў Польшчы ўсяго будзе 250 працоўных дзён, а выходных і святочных – 115.

У Літве на афіцыйным узроўні 16 святаў абвешчаныя выходнымі днямі. З іх 3 святы: Дзень маці (першая нядзеля траўня), Дзень бацькі (першая нядзеля чэрвеня) і Вялікдзень адзначаюцца выключна ў нядзелі.

З асаблівасцяў – як і ў Польшчы, ёсць велікодны панядзелак, выходны. Таксама цягам двух дзён адзначаюць у Літве і Нараджэнне Хрыстова (паводле календара каталіцкай канфесіі) – так, сёлета літоўцы будуць адпачываць на гэтае свята цягам чатырох дзён, з 23 да 26 снежня (бо 23–24 прыходзяцца на суботу і нядзелю).

Усяго ў 2023 годзе ў Літве будзе 251 працоўны дзень ды 114 выходных і святочных.

Латвія адзначае на афіцыйным узроўні 13 святочных выходных дзён. У іх, сярод іншага, уваходзяць другі дзень Вялікадня і другі дзень Нараджэння Хрыстовага. У той жа час некаторыя з гэтых дат адзначаюцца ў нядзелю – Дзень маці (другая нядзеля траўня), Вялікдзень, Дзень Святой Тройцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі пакідаюць Катэдральную плошчу ў Вільні пасля светлавога і лазернага шоу падчас святкавання Новага года. Вільня, Літва. 1 студзеня 2023 года.
Фота: Yauhen Yerchak / Zuma Press / Forum

Таксама ёсць у Латвіі свята, якое ўзнікае раз на пяць гадоў: Свята песні і танцу (ладзяць у ліпені). Згодна з законам, дзень яго закрыцця – дзяржаўнае свята, а наступны працоўны дзень (панядзелак) абвяшчаюць выходным.

Цягам 2023 года ў Латвіі будуць усяго 252 працоўныя дні ды 113 выходных і святочных.

А што ў іншых?

Што ж датычыць іншых краінаў Еўропы, то, напрыклад, у Нямеччыне ўсяго 9 дзяржаўных святаў. Але ў той жа час у розных федэральных землях яны могуць адрознівацца: жыхары Баварыі дадаткова адпачываюць 13 дзён, а Гамбургу – 10. У Швецыі нямала нацыянальных святаў, але пры гэтым святочныя дні з іх усяго 12. Італьянцы маюць 11 афіцыйных святочных выходных дзён, а найменш пашанцавала грамадзянам Нідэрландаў, тут толькі 8 святочных выходных. Калі ж глянуць за акіян, то ў Злучаных Штатах дзяржаўных святаў таксама няшмат – усяго 10, у Канадзе – 11.

У той жа час ёсць у свеце і рэкардсмены ў колькасці дзяржаўных святаў. Першая ў гэтым шэрагу стаіць Шры-Ланка: у гэтай краіне цягам года жыхары маюць 24 святочныя непрацоўныя дні. Бразілія, Іран, Пуэрта-Рыка маюць 21 святочны дзень на год. У Індыі можна дадаткова адпачыць цягам 18 дзён, а працаголікі-японцы маюць 15 святочных выходных цягам года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў