Шведскую акадэмію навук западозрылі ў заўчасным раскрыцці імёнаў нобэлеўскіх лаўрэатаў


Каралеўская акадэмія навук Швецыі перад афіцыйным абвяшчэннем лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў галіне хіміі раскрыла імёны пераможцаў у рассылцы электронных паведамленняў. У Нобэлеўскім камітэце кажуць, што «гэта была памылка» і што рашэнне яшчэ фармальна не ўхваленае, піша газета «Dagens Nyheter».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Nobel Prize Outreach / Hugh Fox

Сёння Нобэлеўскі камітэт мусіць абвясціць лаўрэатаў сёлетняй прэміі ў галіне хіміі. Перад гэтым Каралеўская акадэмія навук Швецыі ў электроннай рассылцы паведаміла, што ўзнагароду атрымалі Мунджы Баўэндзі з Масачусецкага тэхналагічнага інстытуту, Луіс Брус з Калумбійскага ўніверсітэту і расеец Аляксей Якімаў з арканзаскага даследчага і тэхналагічнага парку «Nanocrystals Technology».

У разасланым прэс-рэлізе гаворыцца, што яны адзначаныя за «адкрыццё і развіццё квантавых кропак, наначасціц, якія настолькі малыя, што іх памер уплывае на іх уласцівасці». «Гэта найдрабнейшыя нанатэхналагічныя кампаненты, якія распаўсюджваюць святло ад экранаў тэлевізараў і святлодыёдных картаў. Яны таксама могуць дапамагчы хірургам, у тым ліку пры выдаленні ракавых тканак», – тлумачылася ў лісце.

Hавiны
Медычнага Нобэля сёлета далі за даследаванні РНК, што дапамаглі падчас пандэміі COVID-19
2023.10.02 16:24

У Нобэлеўскім камітэце заявілі, што «адбылася памылка»:

«Мы спрабуем высветліць, што адбылося. Мы яшчэ не ўхвалілі рашэння, таму прэс-рэліз, безумоўна, ёсць памылкаю».

Традыцыйна першымі пра ўзнагароду даведваюцца лаўрэаты, якім паведамляюць пра гэта праз тэлефон. Потым імёны агучваюць на прэс-канферэнцыі.

Hавiны
Нобэля па фізіцы далі за вывучэнне электронаў і прыроды святла
2023.10.03 14:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў