Нобэль у хіміі атрымалі тры амерыканцы: «За адкрыццё і сінтэз квантавых кропак»


Нобэлеўскую прэмію за дасягненні ў хіміі прысудзілі навукоўцам з ЗША – Мунджы Баўэндзі, Луісу Брусу і Аляксею Якімаву з фармулёўкай: «За адкрыццё і сінтэз квантавых кропак». Аляксей Якімаў мае расейскае паходжанне, але ўжо 14 гадоў жыве і працуе ў Злучаных Штатах.

Лаўрэаты Нобэля ў хіміі Мунджы Баўэндзі, Луіс Брус і Аляксей Якімаў. Калаж: nobelprize.org

Квантавыя кропкі – часціцы настолькі маленькія, «што іх памер вызначае іх уласцівасці», гаворыцца ў заяве Каралеўскай акадэміі. Наначасціцы і квантавыя кропкі ўжываюцца ў святлодыёдных лямпах і тэлеэкранах, а таксама могуць выкарыстоўвацца хірургамі падчас аперацыяў пры выдаленні ракавых пухлінаў.

Квантавыя кропкі маюць памер, меншы за 100 нанаметраў ва ўсіх трох вымярэннях. Адмыслоўцы часта называюць гэтыя кампаненты «штучнымі атамамі».

Сёлета адбыўся казус з абвяшчэннем лаўрэатаў за дасягненні ў хіміі. Каралеўская акадэмія навук Швецыі памылкова адправіла СМІ ліст з імёнамі пераможцаў яшчэ да іх афіцыйнага абвяшчэння. Але спойлер спраўдзіўся: лаўрэатамі былі названыя Мунджы Баўэндзі, Луіс Брус і Аляксей Якімаў.

Летась Нобэля ў хіміі атрымалі навукоўцы з ЗША Кэралін Бэртозі і Бэры Шарплес, а таксама датчанін Мортэн Мэльдаль. Прэмія ў 2022 годзе была прысуджаная за развіццё метадаў клік-хіміі.

5 кастрычніка Каралеўская акадэмія Швецыі абвесціць лаўрэатаў у літаратуры.

Hавiны
Шведскую акадэмію навук западозрылі ў заўчасным раскрыцці імёнаў нобэлеўскіх лаўрэатаў
2023.10.04 11:51

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў