Рэха «камунікацыйнага правалу». Што азначае адстаўка міністра абароны Украіны


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 3 верасня абвесціў, што хоча замяніць міністра абароны Аляксея Рэзнікава на Рустэма Умерава, які цягам апошняга года ўзначальваў Фонд дзяржаўнай маёмасці. Адпаведнае рашэнне мусіць зацвердзіць Вярхоўная Рада. Адстаўка міністра абароны – гэта пакуль самая значная кадравая перастаноўка ва ўкраінскім кіраўніцтве з пачатку поўнамаштабнай вайны з Расеяй. Тлумачым, чаму Зяленскі наважыўся на гэты крок.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксей Рэзнікаў падчас сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэзідэнткі Грэцыі Катэрыны Сакелярапулю з прадстаўнікамі медыяў. Кіеў, 3 лістапада 2022 года.
Фота: Ruslan Kaniuka / Ukrinform / ABACA / Abaca Press / Forum

Адстаўка, якая зацягнулася на восем месяцаў

Рашэнне Зяленскага не стала нечаканасцю. Чуткі пра хуткую адстаўку міністра абароны Аляксея Рэзнікава ўзніклі яшчэ ў пачатку 2023 года на фоне карупцыйнага скандалу вакол закупу прадуктаў для вайскоўцаў за завышаныя кошты. Адстаўку актыўна абмяркоўвалі ўкраінскія медыі і дэпутаты.

Тады меркавалася, што Рэзнікава заменіць кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Кірыла Буданаў, а сам экс-міністр узначаліць ведамства ў справе стратэгічных галінаў прамысловасці. Аднак адразу ўзнікла праблема: паводле ўкраінскага заканадаўства, узначальваць Міністэрства абароны можа толькі цывільны чыноўнік, а Буданаў – дзейны вайсковец у званні генерал-маёра, і звальняцца з войска ён не хацеў. Акрамя таго, Рэзнікаў, імаверна, здолеў на той момант знайсці паразуменне з Зяленскім. У выніку прэзідэнт спяшацца з кадраваю перастаноўкаю не стаў: размовы пра адстаўку Рэзнікава сціхлі да жніўня 2023 года.

Нядаўна ў медыі зноў трапіла інфармацыя, што адміністрацыя Зяленскага шукае замену Рэзнікаву. «Українська правда» паведамляла, што існуюць два кандыдаты на гэтую пасаду: віцэ-прэм’ер-міністр у справе аднаўлення Украіны Аляксандр Кубракоў (меркаваны пляменнік кіраўніка МУС Беларусі) і міністр у справе стратэгічных галінаў прамысловасці Аляксандр Камышын.

На мінулым тыдні ў сеціва трапіў інсайд ад дэпутата Вярхоўнай Рады Яраслава Жэлэзняка, які анансаваў, што новым міністрам абароны станецца кіраўнік Фонду дзяржаўнай маёмасці Рустэм Умераў. 3 верасня пра гэта афіцыйна заявіў Зяленскі ў сваім вечаровым звароце:

«Я думаю, што міністэрства мае патрэбу ў новых падыходах ды іншых фарматах узаемадзеяння як з вайскоўцамі, гэтак і з грамадствам у цэлым».

На наступны дзень Рэзнікаў скіраваў у Вярхоўную Раду заяву з просьбай аб адстаўцы. Цяпер украінскі парламент мае зацвердзіць ініцыяваную Зяленскім перастаноўку. Праблемаў з гэтым узнікнуць не павінна: прыхільнікі дзейнага прэзідэнта маюць у Вярхоўнай Радзе абсалютную большасць і звычайна паслухмяна падтрымліваюць ягоныя прапановы.

Чым адзначыўся Рэзнікаў на сваёй пасадзе

Нарадзінец Львова, прафесійны юрыст Аляксей Рэзнікаў пачынаў сваю палітычную кар’еру ў якасці дэпутата Кіеўскай гарадской рады (2008–2014), а пасля перамогі Еўрамайдану працаваў у мэрыі, быў намеснікам Віталя Клічка. У 2019-м далучыўся да каманды Зяленскага. Спачатку быў прадстаўніком Украіны ў Трохбаковай кантактавай групе ў межах Менскіх пагадненняў, а ў 2020–2021-м – віцэ-прэм’ерам у справе рэінтэграцыі акупаваных тэрыторыяў. Узначаліў Міністэрства абароны за тры месяцы да пачатку поўнамаштабнай вайны – у лістападзе 2021 года.

Пазней у інтэрв’ю Forbes Рэзнікаў апавядаў, што спачатку, будучы чалавекам далёкім ад войска, доўга адмаўляўся ад новай пасады. Але Зяленскі пераканаў, што ягоныя функцыі будуць выключна юрыдычна-менеджарскія: рэфармаваць сістэму дзяржаўных закупаў, правесці кадравую рэформу, развязаць пытанне з сацыяльным забеспячэннем. Але да вайны развязаць гэтых праблемаў Рэзнікаў не паспеў: «Я нават не буду казаць, што я здолеў ува ўсім разабрацца».

Падобна на тое, што Рэзнікаў да канца не верыў у поўнамаштабнае ўварванне. Незадоўга да пачатку вайны ён заяўляў, што Расея нібыта не сфармавала каля межаў Украіны ніводнай ударнай групоўкі і падставаў для ўвядзення ваеннага становішча няма. «Мая ацэнка моманту – дакладна не трывожная», – заявіў ён у тэлебачанні 14 лютага 2022 года. Праз некалькі месяцаў Рэзнікаў прызнаваўся журналістам: «Мы разумелі, што ўварванне будзе, але мая вялікая памылка ў тым, што я недаацаніў цынізм расейцаў. Я не верыў, што яны будуць скідаць бомбы на нашыя гарады».

Разам з тым ва ўмовах вайны дзейнасць Рэзнікава на пасадзе міністра абароны ўспрымалася ў публічнай прасторы пераважна станоўча. У заслугу Рэзнікаву ставілі тое, што ён здолеў наладзіць эфектыўную асабістую камунікацыю з саюзнікамі Украіны, у тым ліку ў фармаце кааліцыі Рамштайн, і зарганізаваць дастаўкі заходняга ўзбраення. Прычым маштабы даставак і наменклатура ўзбраення цягам 1,5 года вайны стала пашыралася. Агулам пры ім Украіна атрымала вайсковую дапамогу на суму каля $ 100 млрд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксей Рэзнікаў размаўляе з медыямі на авіябазе ў Рамштайне, Нямеччына. 21 красавіка 2023 года.
Фота: Matthias Schrader / AP Photo / East News

Акрамя таго, Рэзнікаў меў добрыя стасункі з камандаваннем ЗСУ, чым выгадна адрозніваўся ад сваіх папярэднікаў, якія нярэдка спрачаліся з генераламі наконт размеркавання паўнамоцтваў і прынцыпу падпарадкавання. Рэзнікаў заўсёды падкрэсліваў, што ён юрыст, а не вайсковец, і ў пытанні ваеннай стратэгіі не лезе. «Мы дамовіліся са спадаром Залужным, што я не вучу яго ваяваць», – заявіў ён у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі ў ліпені 2022 года. Гэта станоўча адбівалася на атмасферы супрацы.

Разам з тым, у віну Аляксею Рэзнікаву ставілася тое, што ён не здолеў перамагчы карупцыі ў сваім ведамстве. Моцным ударам па ягоных пазіцыях у пачатку 2023 года сталася журналісцкае расследаванне выдання «Дзеркало тижня», з якога вынікала, што Міністэрства абароны закупляе прадукты для войска за завышаныя кошты. На хвалі скандалу пайшоў у адстаўку намеснік Рэзнікава ў справе тылавога забеспячэння Вячаслаў Шапавалаў. Неўзабаве Шапавалава арыштавалі па падазрэнні ў карупцыі. Пад вартаю таксама апынуўся кіраўнік дэпартаменту закупаў Багдан Хмяльніцкі.

Найгорш у гэтай сітуацыі было тое, што міністр замест таго, каб прызнаць праблему, стаў яе адмаўляць, назваўшы матэрыял журналістаў «штучнай інфармацыйнай атакаю пад выдуманаю падставаю». Пазней, сутыкнуўшыся з абурэннем грамадскасці, быў вымушаны прызнаць, што адрэагаваў няправільна і з яго боку гэта быў «камунікацыйны правал».

У жніўні 2023 года дэ-факта паўтарылася аналагічная сітуацыя: «Дзеркало тижня» апублікавала новае расследаванне пра закуп абмундзіравання за завышаныя кошты, а Рэзнікаў ізноў адмовіўся прызнаваць праблему, назваўшы аўтара артыкулу «маніпулятарам».

Чаму Зяленскі пастанавіў зняць міністра

Імаверна, менавіта карупцыйныя скандалы ў ведамстве і рэакцыя грамадскасці сталіся галоўнаю прычынай адстаўкі Рэзнікава. Пры гэтым варта разумець: персанальна абвінавачванняў у карупцыі міністру ніхто не выстаўляў. Няма ніякіх сведчанняў таго, што ён асабіста нажываўся на дзяржаўных закупах або браў удзел у іх заключэнні. У яго не знаходзілі мільёнаў на афшорных рахунках або нерухомасці за мяжой. Аднак міністр сам прызнаваў, што рэпутацыйная адказнасць за скандалы ў ведамстве ў любым выпадку кладзецца на яго.

Падобныя рэпутацыйныя страты могуць задорага каштаваць Украіне. Ва ўмовах вайны міністр абароны – гэта ў тым ліку твар дзяржавы на міжнароднай арэне. Здольнасць Украіны перамагчы Расею ў значнай ступені залежыць ад аб’емаў заходняй дапамогі. Аб’ёмы ж заходняй дапамогі не ў апошнюю чаргу залежаць ад таго, ці давяраюць саюзнікі ўкраінскаму кіраўніцтву. Карупцыйныя скандалы такі давер падрываюць.

«Ім дастаткова аднаго карупцыйнага скандалу, каб усумніцца ў мэтазгоднасці далей супрацоўнічаць з Украінаю», – цытуе ўкраінскі Forbes чыноўніка з Офісу прэзідэнта Украіны.

«The New York Times» адзначае, што крытыкі вонкавапалітычнага курсу Вашынгтону выкарыстоўваюць тэму карупцыі як адзін з аргументаў для абмежавання вайсковай дапамогі Украіне. Паводле выдання, дарадца Белага дому ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван на мінулым тыдні сустрэўся з трыма высокапастаўленымі ўкраінскімі чыноўнікамі, каб якраз абмеркаваць намаганні ў выкараненні карупцыі падчас вайны. Хаця, дадае «NTY», адстаўкі Рэзнікава ў Белым доме ўсё-ткі не чакалі.

«The Washington Post» лічыць, што звальненне Рэзнікава адбываецца «на фоне больш шырокай антыкарупцыйнай кампаніі, калі ўрад Зяленскага імкнецца зліквідаваць хабарніцтва і пераканаць замежных донараў, што іхныя грошы не губляюцца праз службовыя злоўжыванні».

Пры гэтым Зяленскі, хутчэй за ўсё, не мае намеру зусім выключыць Рэзнікава са сваёй каманды. Даволі далікатная падача гэтай адстаўкі наводзіць на думку, што пра нейкую «апалу» гаворкі няма – хутчэй, пра ўзаемную стомленасць. Паводле непацверджанай інфармацыі, Рэзнікава збіраюцца скіраваць амбасадарам у Лондан, і гэта не шараговае прызначэнне, улічваючы важную ролю Вялікай Брытаніі ў падтрыманні Украіны.

Што далей

Рэзнікава на пасадзе міністра мае замяніць 41-гадовы Рустэм Умераў. Ён родам з сямʼі крымскіх татараў, якую падчас масавых дэпартацыяў 1944 года гвалтоўна вывезлі з Алушты ва Узбекістан. Сямʼя вярнулася ў Крым толькі пасля развалу СССР. Вышэйшую адукацыю Умераў атрымаў у Нацыянальнай акадэміі кіравання ў Кіеве (дыплом магістра па спецыяльнасці «фінансы»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рустэм Умераў (у цэнтры) падчас пленарнага пасяджэння ўкраінскага парламенту ў Кіеве. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: Hennadii Minchenko / Ukrinform / ddp images / Forum

Умераў доўгі час працаваў у сферы бізнесу ды інвестыцыяў. Але таксама займаўся і грамадскаю дзейнасцю: быў заснавальнікам Зямляцтва крымскіх татараў і дарадцам лідара крымскататарскага народу Мустафы Джэмілева. У 2019-м Умерава абралі дэпутатам Вярхоўнай Рады ад партыі «Голас» (яе ўзначальваў спявак Святаслаў Вакарчук), а з верасня 2022 года кіраваў Фондам дзяржаўнай маёмасці. Паводле медыяў, чыноўнік у добрых стасунках з кіраўніком Офісу прэзідэнта Украіны Андрэем Ермаком, які, як лічыцца, мае вялікі ўплыў на рашэнні Зяленскага.

Моцны бок Умерава – ён вельмі добры камунікатар і мае вялікае кола замежных кантактаў. Падчас вайны Умераў выконваў шэраг вельмі далікатных даручэнняў: браў удзел у мірных кансультацыях на тэрыторыі Беларусі і ў Стамбуле ўвесну 2022-года (паводле медыяў, у гэты перыяд яго нібыта спрабавалі атруціць), а таксама ў перамовах адносна «збожжавай дамовы». Акрамя таго, Умераў быў адным з тых, хто пры пасярэдніцтве Саудаўскай Аравіі ды Турэччыны дамаўляўся пра абмен палонных абаронцаў «Азоўсталі» на Віктара Медведчука. Таксама, паводле неафіцыйных звестак, Умераў браў удзел у перамовах наконт паставак боепрыпасаў з незаходніх краінаў.

Такім чынам, на пасаду міністра абароны Зяленскі падабраў чалавека, які, як мяркуюць, можа не горш за Рэзнікава зарганізаваць камунікацыю з замежнымі партнёрамі. А ўлічваючы ягоныя кантакты ў мусульманскіх краінах, некаторыя кірункі міжнароднай супрацы, магчыма, здольны дадаткова актывізаваць. У адрозненне ад Рэзнікава, Умераў мае бездакорную публічную рэпутацыю, не быў заўважаны ў канфліктах і скандалах ды без негатыву ўспрымаецца ўсімі палітычнымі сіламі ўнутры краіны.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Фота вокладкі: Oleksandr Klymenko / Reuters / Forum

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў