«Вашыя пакуты прынясуць плён». Лех Валэнса звярнуўся да грамадзянскай супольнасці Беларусі


4 жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі. З гэтай нагоды на просьбу праваабарончага цэнтру «Вясна» лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, адзін з заснавальнікаў і лідар грамадскага руху «Салідарнасць», былы прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса звярнуўся да беларусаў.

Лех Валэнса.
Фота: скрыншот з відэа/Праваабарончы цэнтр «Вясна»/Youtube

Прыводзім тэкст звароту Леха Валэнсы:

«Шаноўнае спадарства,

нам выпала жыць, калі мяняюцца эпохі. Людзі змагаюцца за гэтую новую эпоху, але старая абараняе сябе. Многія людзі сёння пакутуюць у турмах і розным іншым чынам. Я таксама прайшоў праз гэта ў былыя часы. Я гэта разумею. Падбадзёрваю, такія прыклады патрэбныя. Вашыя пакуты прынясуць плён. Так што вытрымайце яшчэ трохі. І свет будзе заўважаць вашую адданасць усё больш і больш. І ён усё больш і больш заўважае, што вы стаіце на правільным баку. Прыйдзе дзень – свабода для вас, справядлівасць і мір для свету. Я ў гэта веру, я за гэта змагаўся. Я сёння менш пакутую, а вы больш пакутуеце. Але я памятаю пра вас. Я памятаю. Я буду рабіць усё, каб паскорыць гэтыя вызваленчыя працэсы. Дзякуй!»

4 жніўня 2011 года быў першы раз арыштаваны ў межах крымінальнай справы старшыня і заснавальнік «Вясны» Алесь Бяляцкі. Праз дзесяць гадоў яго зноў затрымалі за праваабарончую дзейнасць і асудзілі паводле надуманых абвінавачванняў.

Рэжым Лукашэнкі цягам усяго свайго існавання вёў палітыку, накіраваную на знішчэнне грамадзянскай супольнасці Беларусі, а ў апошнія гады сітуацыя зрабілася катастрафічнаю, зазначае праваабарончы цэнтр «Вясна». Цяпер за кратамі за сваю дзейнасць утрымліваюцца пяць праваабаронцаў і валанцёраў «Вясны», дзясяткі грамадскіх і прафсаюзных актывістаў, а больш за 850 некамерцыйных арганізацыяў цяпер у працэсе прымусовай ліквідацыі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў