У Дзярждуме РФ абурыліся, што дзецям прапануюць пісаць сачыненне паводле «Чарнобыльскай малітвы» Алексіевіч


У Дзярждуме РФ патрабуюць разабрацца, хто дадаў тэкст беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч у адзіны дзяржаўны экзамен па расейскай мове. Адпаведны запыт міністру асветы Сяргею Краўцову накіравала кіраўніца камітэту Дзярждумы ў справе абароне сям’і Ніна Астаніна, піша «РИА Новости».

Светлана Алексиевич, писательница, литературный фестиваль, Вильнюс, Литва
Пісьменніца Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў межах літаратурнага фестывалю «Open books» у Вільні, Літва. 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Урывак з «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч быў сярод тэкстаў датэрміновага АДЭ па расейскай мове. Паводле яго прапаноўвалася напісаць сачыненне. Экзамен прайшоў 26 сакавіка. Астаніна лічыць, што творы Алексіевіч «вызначае нянавісць да Расеі і расейскай культуры, а таксама да саюзнай Беларусі». Яна патрабуе ўчыніць службовае правяранне ў дачыненні тых, хто залучыў тэкст Алексіевіч у іспыт. Дэпутатка хоча ведаць, «якую мэту мелі гэтыя асобы, заклікаючы новае пакаленне чытаць гэтага аўтара, які атрымліваў ордэны і ўзнагароды ад дзяржаваў – чальцоў NATO ў перыяд правядзення СВА». Яна нагадвае, што ў 2021 годзе пісьменніца атрымала ў Нямеччыне ордэн «За заслугі перад ФРГ».

У Расейскім адукацыйным наглядзе пазней паведамілі, што творы Алексіевіч не выкарыстоўваліся ў датэрміновым АДЭ. Урывак з «Чарнобыльскай малітвы» чыноўнікі знайшлі на трэнавальных рэсурсах і цяпер заяўляюць, што гэта была «свядомая правакацыя», піша «Интерфакс».

Пасля задушэння пратэстаў у Беларусі Святлана Алексіевіч была вымушаная эміграваць з Беларусі. Яна асудзіла вайну, распачатую Расеяй супраць Украіны.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў