Спыненне справы супраць Анджэлікі Борыс і затрыманне студэнтаў. Рэпрэсіі за 4 красавіка


Сілавікі працягваюць тэрор супраць грамадзянаў краіны, а суды выносяць палітычна матываваныя прысуды. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу, пра якія стала вядома 4 красавіка.

Кіраўніцу Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад хатняга арышту. Яе разам з маці выклікалі ў Менск, дзе Борыс уручылі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Таксама ёй паабяцалі вярнуць усе рэчы, вынятыя падчас следства.

Абноўлена
Рэжым Лукашэнкі спыніў справу супраць Анджэлікі Борыс
2023.04.04 11:42

Сілавікі затрымалі кандыдатку навук і дацэнтку БДУ Аксану Улановіч. Паводле праўладнага тэлеграм-каналу, Аксана Улановіч «сістэматычна злівала інфармацыю замежным забароненым арганізацыям», а менавіта напісанне ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу». Улановіч з’яўляецца аўтаркай больш як 120 навуковых прац, выкладчыцай аўтарскіх курсаў «Псіхалінгвістыка» і «Псіхалогія навучання замежным мовам» у іншых вышэйшых навучальных установах.

У Баранавіцкім дзяржуніверсітэце 4 красавіка сілавікі ўчынілі аблаву на студэнтаў-першакурснікаў. Прычынай затрымання могуць быць каментары, якія былі пакінутыя 1 верасня мінулага года, калі ў жывым эфіры Аляксандр Лукашэнка праводзіў адкрыты ўрок. Колькі чалавек было затрымана, пакуль не вядома.

У Магілёве 20-гадовага хлопца асудзілі на два гады калоніі за перадачу фота ваеннай тэхнікі, якія ён зрабіў з 24 па 25 лютага 2022 года. Уладзіслава Папова асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

У Менскім гарадскім судзе яшчэ ў мінулым годзе вынеслі прысуд абвінавачаным па «справе “Манкурты”» – Вользе Саламенік і Уладзіміру Трыфанаву, аднак пра іхныя прысуды праваабаронцам стала вядома толькі цяпер. Іх асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») і ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»). Справу разглядала суддзя Валяціна Зенькевіч, якая прысудзіла Уладзіміру 14 гадоў калоніі, а Вольгу асудзіла да сямі з паловай гады калоніі.

Уладзімір Трыфанаў і Вольга Саламенік. Крыніца: spring96.org

КДБ паведаміў, што ў Беларусі затрыманы грамадзяне Польшчы і краін Балтыі «за правядзенне агентурных аперацый». Таксама старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель распавёў, што ў Беларусі затрыманы «дзясяткі грамадзян Украіны» за спробы здзяйснення тэрактаў і шпіёнскую дзейнасць і «грамадзяне прыбалтыйскіх краін».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў