Кіраўнік Аршанскага РУУСу памёр на працоўным месцы


У Воршы памёр начальнік раённага ўпраўлення ўнутраных справаў Сяргей Барвянкоў, паведамляе выданне orsha.eu. Паводле неафіцыйных звестак, прычынаю смерці міліцыянта сталіся праблемы з сэрцам.

Начальнік Аршанскага раённага ўпраўлення ўнутраных справаў Сяргей Барвянкоў. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: vitvesti.by

«Сяргей Барвянкоў нечакана сканаў наўпрост на працы», – піша аршанскае выданне, не ўдакладняючы, калі гэта здарылася. Прычыны смерці невядомыя, паводле неафіцыйных звестак, узніклі праблемы з сэрцам.

«Зеркало» паведамляе, што міліцыянт памёр сёння, 4 лютага.

Яшчэ два дні таму начальнік Аршанскага РУУСу браў удзел ва «ушанаванні ветэранаў міліцыі».

Барвянкоў усё жыццё працаваў у міліцыі. Пайшоў туды пасля навучання ў Смаленскім універсітэце фізкультуры і тэрміновай службы ў войску. У розныя часы быў участковым у Воршы, узначальваў Талачынскі РАУС. У 2014 годзе гэты раённы аддзел пад ягоным кіраўніцтвам прызналі найлепшым у Беларусі.

У жніўні 2020 года «Аршанская газета» апублікавала каментар Барвянкова пра «абстаноўку на вуліцах». Ён тады казаў, што на пратэстах у раёне былі затрыманыя 100 асобаў, бальшыню пасля «прафілактычных гутарак» вызвалілі без пратаколаў.

«Паважаныя аршанцы, падчас удзелу ў масавых імпрэзах памятайце пра захады асабістай бяспекі і правілах паводзінаў у грамадскіх месцах», – заклікаў кіраўнік міліцыі.

У 2021 годзе арганізацыя «BELPOL» паведамляла пра надзвычайнае здарэнне ў РУУСе, якім кіраваў Барвянкоў. Там з табельнай зброі ў сваім службовым кабінеце застрэліўся начальнік групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Паводле інфармацыі ініцыятывы, да самагубства міліцыянт не аднаразова прасіў Барвянкова аб пераводзе, але атрымліваў адмовы. Начальнік нібыта пагражаў крымінальным пераследам у выпадку звальнення на ўласнае жаданне.

«BELPOL» таксама сцвярджаў, што Барвянкоў прыходзіў на працу ў нецвярозым стане, а аднойчы пабіў жонку, выбіўшы ёй некалькі зубоў. Адказнасці за гэта кіраўнік РУУСу не панёс.

У лістападзе летась гэтак жа раптоўна і таксама на працоўным месцы памёр намеснік начальніка Шчучынскага РАУСу Сяргей Асавік.

Hавiны
Медыі: раптоўна памёр намеснік начальніка Шчучынскага РАУСу
2023.11.29 18:11

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў