Ціханоўская аддала даніну памяці ганароваму Папу Рымскаму Бэнэдыкту XVI


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская аддала даніну памяці спачыламу ганароваму Папу Рымскаму Бенэдыкту XVI, пакінуўшы запіс у кнізе спачуванняў у апостальскай нунцыятуры ў Вільні. Аб гэтым паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская пакінула запіс ў кнізе спачуванняў з нагоды смерці былога Папы Бэнэдыкта XVI. Вільня, 4 студзеня 2023
Фота: Офіс Ціханоўскай

Паведамляецца, што 4 студзеня Святлана Ціханоўская наведала апостальскую нунцыятуры ў Вільні, каб пакінуць запіс у кнізе спачуванняў у сувязі са смерцю ганаровага Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI. У сваім запісе Ціханоўская адзначыла, што «памяць пра Папу Бэнэдыкта XVI будзе ў сэрцах беларусаў. Няхай Гасподзь прыме яго ў сваім Нябесным Царстве».

«Бэнэдыкт XVI клапаціўся пра Беларусь і гэтым працягваў падыход свайго папярэдніка, святога Яна Паўла ІІ. Менавіта падчас пантыфікату яго святасці адбыўся першы візіт Дзяржсакратара Святога Пасаду ў Беларусь. Папа Бэнэдыкт XVI неаднаразова звяртаўся да беларусаў па-беларуску. Звяртаючыся да студэнтаў мінскіх універсітэтаў у 2008 годзе ён заахвочваў «будаваць цывілізацыю любові». Ніхто тады не мог падумаць, наколькі актуальным і складаным гэты заклік будзе праз 12 год», — згадвае Офіс Ціханоўскай.

У паведамленні таксама згадваецца, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч неаднаразова запрашаў пантыфіка ў Беларусь. На гэта святы Айцец адказваў проста, але і рэалістычна: «Як Бог дазволіць і адкрыюцца дзверы».

Нагадаем, што ганаровы Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI (Ёзеф Ратцынгер) памёр 31 снежня 2022 года у манастыры Mater Ecclesiae у Ватыкане. Яму было 95 гадоў.

Бэнэдыкт XVI займаў Апостальскі прастол з красавіка 2005 года па люты 2013 года і кіраваў каталіцкай царквой менш за восем гадоў. 11 лютага 2013 года ён нечакана аб’явіў аб рашэнні адрачыся ад прастола і стаў першым Папам, які сам пайшоў у адстаўку, спаслаўшыся на слабое здароўе. Пасля адстаўкі ён амаль 10 гадоў пражыў у маленькім манастыры Mater Ecclesiae у Ватыканскіх садах.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў