На фестывалі «Lidbeer» у Лідзе адбыліся затрыманні


На фестывалі «Lidbeer» 2 верасня ў Лідзе затрымлівалі двух мужчынаў за вокліч «Жыве Беларусь!». Пра гэта паведамляюць мясцовыя актывісты са спасылкаю на відавочцаў.

Фестываль «Lidbeer» у 2023 годзе.
Фота: LIDBEERFEST / Telegram

Відавочцы сцвярджаюць, што затрыманне адбылося ў зоне фуд-кортаў каля Дому культуры ў прамежку паміж 18:00 і 19:00.

Адразу ж пасля воклічу «Жыве Беларусь!» да мужчынаў, якім на выгляд было 35–40 гадоў, падбеглі амапаўцы. Іх затрымалі і завезлі ў РАУС. Пазней аднаго з іх вызвалілі: мужчына паведаміў, што яго выпусцілі без пратаколу. На другога ж склалі пратакол за парушэнне парадку правядзення масавых імпрэзаў (арт. 24.23 КаАП РБ) і нібыта збіраліся даць штраф памерам 500 рублёў.

Піўны фестываль у Лідзе адбыўся ўпершыню за чатыры гады і прайшоў пад лозунгам «Яднаем розных». Апошні раз яго ладзілі яшчэ да пандэміі каронавіруса, у 2019-м. У 2020–2022 гадах фестывалю не ладзілі.

Канцэрты сёлетняга «Lidbeer» адбываліся на трох сцэнах: поп/рок, фолк і дыджэй-сцэна. Як і раней, арганізатары паставілі вялізны фуд-корт з 200 пунктамі ды зарганізавалі розныя актыўнасці. Таксама ў праграме былі феерверкі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў