«Трэба гуляць па правілах, і тады можна жыць». Як змянілася Беларусь за тры гады пасля пратэстаў?


Тры гады таму, 9 жніўня 2020 года, пасля чарговай фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі выбухнула беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў. Той год агулам адзначыўся шырокай салідарнасцю сярод беларусаў, якая пачалася яшчэ з пандэміі ковіду, уздымам нацыянальнай самасвядомасці, развіццём актывізму. Як выглядае жыццё ў Беларусі цяпер – праз тры гады пасля тых падзеяў? Белсат запытаўся ў беларусаў, якія застаюцца на радзіме, а таксама ў каардынатара беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзіма Мажэйкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

«Сітуацыя больш падобная да выжывання»

Нашыя суразмоўцы – чатыры беларусы, якія жывуць у розных кутках краіны. Яны не з’ехалі і спрабуюць далей працаваць, развіваць сваю справу, выхоўваць дзяцей. Мы змянілі імёны гэтых людзей, а таксама не называем гарадоў, у якіх яны жывуць, з меркаванняў бяспекі.

Мікалай, 40 гадоў:

«Мне падаецца, што за гэтыя тры гады я пастарэў, у мяне зніклі імпэт, жаданне штосьці ствараць, несці пазітыў і радасць у гэты свет. Увесь гэты час я імкнуся вярнуць сябе назад. Засталася толькі надзея. Тады, у 2020, была вясёлая надзея, цяпер – сумнаватая.

Аналітыка
Ідзём у бок Паўночнай Карэі: хваліць рэжым і шукаць шпіёнаў. Беларускія гіды – пра новыя патрабаванні
2023.08.02 08:07

Цяжка сказаць, ці стала цяжэй жыць у фінансавым плане, але ёсць нюансы, якія кажуць, што стала горш. Аўтобусы ходзяць радзей, за банкаўскія паслугі трэба плаціць. Усе пачынаюць эканоміць. Адначасова ў краіне кадравы голад, асабліва на адэкватных і нармальных людзей, працы шмат. Іншая справа, што заробкі далёка не таго ўзроўню, якога маглі б быць. Агулам сітуацыя больш падобная да выжывання, чым да развіцця.

Я імкнуся мінімізаваць камунікацыю з людзьмі. Мы ўсе робім выгляд, што нічога не адбываецца. Ёсць людзі, якія насамрэч упэўненыя ў гэтым, і я часам ім зайздрошчу. Ёсць правіла: мамы, веры не абмяркоўваюць. Дык вось у нас яшчэ не абмяркоўваюць вайны і палітыкі – усё гэта нібы ў іншай рэчаіснасці адбываецца. Такі беларускі этыкет, бо калі яго не прытрымлівацца, рызыкуеш пазбавіцца апошняга атачэння побач. Хоць усе ўжо высветлілі адносіны, і хто не хоча, той не камунікуе.

Вельмі малую колькасць людзей цяпер цікавіць грамадзянская актыўнасць. Калі ты робішся вельмі актыўным, да цябе прыходзяць і кажуць: спыніся. І гэта самае малое, што можа адбыцца. Засталіся людзі-робаты, і самае страшнае, што яны так сябе і называюць – не раз праверана ў розных арганізацыях.

Калі і з’яўляюцца нейкія ініцыятывы цяпер, то яны схаваныя пад плінтус, каб пра іх ніхто не ведаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Беларусы навучыліся выдаляць усё са сваіх тэлефонаў, не рабіць рэпостаў. Навіны мы стараемся не чытаць. Гэта небяспечна для псіхікі. Цяпер нашмат лягчэй, лета на двары, і ёсць чым заняцца. Прыйдзе восень, магчыма, зноў будзем сумаваць і журыцца, але пакуль што трымаемся пазітыўна».

«Дзеці абмяркоўваюць імаверны ядравы выбух і як уратавацца»

Ірына, 37 гадоў:

«Асабіста для мяне жыццё за гэтыя тры гады змянілася да лепшага. Я выйшла з дэкрэтнага адпачынку, пачала працаваць, у мяне з’явіўся ўласны даход. Тры гады таму я была ў дэпрэсіўным стане, цяпер нашмат лепш. Мне падабаецца маё атачэнне, добрыя і шчырыя людзі.

Я не магу сказаць, што стала горш у эканамічным сэнсе – так, кошты растуць, але і заробкі таксама. Няхай не нашмат, але агулам можна сабе дазволіць таксі, кавярні, і я бачу шмат людзей вакол сябе, для якіх гэта стала нормай. Я бачу, як адкрываюцца нейкія новыя кавярні, цікавыя месцы. Мне ёсць куды схадзіць у вольны час. Я не магу сказаць, што жыццё тут замерла, стала на паўзу.

Аналітыка
«Сталае адчуванне бяздомнасці». Як беларуская грамадзянская супольнасць жыве ў выгнанні
2023.06.14 08:00

Так, людзі з’язджаюць. З майго атачэння з’ехалі некалькі сем’яў, але больш распаўсюджаная сітуацыя, калі жонка з дзецьмі тут, а муж з’язджае на заробкі, але ўжо не ў Расею, як раней, а ў Еўропу, пераважна – у Польшчу.

Вядома, сітуацыя ў краіне напружаная. Найбольш трывожыць, што ўвесь час перабываеш у стане невядомасці: не зразумела, што будзе заўтра. Але агулам, калі выконваць заканадаўства, то можна быць спакойным. Вядома, ёсць адчуванне пагрозы, дзесьці штосьці не скажаш, прамаўчыш. Але я і раней гэта адчувала – у гэтым няма нічога дзіўнага для краіны з рэжымам. Проста трэба гуляць па правілах, і тады можна жыць.

Мне няма з чым параўнаць такое жыццё, бо я ніколі не жыла ў дэмакратычных краінах, таму я не магу сказаць – нармальна гэта ці не. Зрэшты, я ўпэўнена, што любая дзяржава ўплывае на жыццё людзей і ў пэўным сэнсе яго абмяжоўвае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Мае дзеці вучацца ў школе. Там усё добра. Ніхто ў піянеры не заганяе. Так, дзеці бачаць, што адбываецца, хоць мы рэдка гаворым пра палітыку. Але я чую, як яны абмяркоўваюць імаверны ядравы выбух, разважаюць, як можна ўратавацца.

Я б хацела з’ехаць з Беларусі, разам з сям’ёй, але не таму, што мне тут кепска, а таму, што ўвогуле хочацца штосьці змяніць».

«Сэрца ў пяткі сыходзіць, калі сабака раніцай пачынае брахаць»

Кацярына, 35 гадоў.

«Ніяк жыццё ў Беларусі не змянілася. Асабіста для мяне. Шмат людзей паз’язджала. Працы нармальнай няма – заробкі ніякія. Сэрца ў пяткі сыходзіць, калі сабака зранку пачынае брахаць – увесь час у падсвядомасці трывога, што могуць прыйсці. Яшчэ за чысцінёй тэлефону трэба сачыць, усё выдаляць. Не лайкаць і не каментаваць нічога. Гэта тое, чаму давялося навучыцца. Усё астатняе па-ранейшаму».

Ігар, 60 гадоў.

«У мяне вельмі песімістычны погляд на тое, як змянілася тут жыццё. Я застаюся ў Беларусі, бо не магу з’ехаць. Калі б мог, з’ехаў бы. Мне вельмі цяжка бачыць, як маю краіну ператварылі ў канцлагер. У мяне тут сябры за кратамі. Я разумею, што і сам у пэўным сэнсе ў групе рызыкі, але пакуль, дзякуй Богу, не чапаюць.

Навіны чытаць невыносна. Усё часцей бяру сабе дні адпачынку ад навінаў – сядаю на ровар і еду ў лес ці на рэчку. Ратуе яшчэ праца, на якой, таксама дзякуй Богу, камунікую пераважна з аднадумцамі. Але гэтая камунікацыя таксама – як у падполлі. Хоць, зрэшты, часам можна нічога ўвогуле не казаць, але важна бачыць па позірку, па кіўку галавы, што вы ўсё разумееце, што вы на адной хвалі. Без такіх людзей было б зусім цяжка, улічваючы, што самыя блізкія сябры з’ехалі.

Мы жывем у сітуацыя няпэўнасці і нявызначанасці. Мы вымушаныя падстройвацца, угадваць настроі ўладаў. Ніколі не ведаеш, ці варта рэкламаваць нават самую, здавалася б, нейтральную справу, ініцыятыву, запрашаць некуды людзей, бо невядома, як гэта могуць расцаніць улады – калі мы збяромся больш за трое. І няважна, што мы не пра палітыку будзем гаварыць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Моладзі я кажу: з’язджайце, калі можаце. Нічога добрага тут бліжэйшым часам не будзе».

«Людзям вельмі страшна»

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка зазначае: галоўнае, што змянілася ў жыцці людзей у Беларусі ў 2023 годзе ў параўнанні з 2020 і нават 2021, калі сам Вадзім з’ехаў за мяжу, – гэта што цяпер людзям вельмі страшна.

«Страх рэпрэсіяў, страх вайны, страх, калі а 6-й раніцы чуеш, як над домам пралятае самалёт, і ты думаеш – гэта яшчэ трэнавальны палёт ці ўжо бомбы на дах скіне, – кажа эксперт. – Усё гэта вельмі напружвае людзей, нервуе, і таму асноўная змена – гэта вось гэтае пачуццё страху».

Жыць у Беларусі цяпер сапраўды можна, калі прызвычаіцца граць паводле правілаў сістэмы, пагаджаецца Вадзім Мажэйка. Аднак трэба памятаць, што гэтыя правілы ўвесь час змяняюцца, і ніхто не ведае, якія змены закрануць цябе.

«Калі чалавек прызвычайваецца жыць ва ўмовах канцлагеру, акупацыі, пэўны час так можна вытрываць. Габрэі таксама жылі ў гета. Але гэта не нармальна для псіхікі. Гэта траўма, з якой потым прыйдзецца працаваць, і гэта будзе праблемай для беларускага грамадства», – зазначае наш суразмоўца.

Адставанне ад свету і цывілізацыйная розніца

З больш побытавага Вадзім Мажэйка зазначае сыход з беларускага рынку заходніх бізнесаў і брэндаў і прыход на іх месца расейскіх і кітайскіх. Па ўсёй Беларусі шырока адкрываюцца танныя расейскія крамы накшталт «Святлафору», «Фікс-прайсу».

«На мой погляд, гэта даволі сумныя рэчы. Вядома, гэта не расейская вайсковая база, і якая розніца, які там дыскаўнтэр, але фактычна гэта штурхае Беларусь не бліжэй да Еўропы, а ў трэці свет, у адваротны бок ад развіцця», – зазначае аналітык.

Значнага падзення ўзроўню жыцця ў Беларусі не адбылося, кажа Мажэйка. Чакалі горшага.

«У той жа час, калі раней можна было за пэўную суму набыць аўтамабіль заходняга брэнду, скажам, то цяпер – кітайскі. Так, тыя ж грошы, той жа клас аўтамабіля, аднак для любога аўтамабіліста розніца паміж еўрапейскім і кітайскім аўтамабілем відавочная. Таму хоць і не падае ўзровень жыцця, але ідзе адставанне ад трэндаў, ад свету. Асабліва гэта бачна ў тэхналагічнай галіне. Гэтая цывілізацыйная розніца – адно з галоўных змяненняў за гэтыя гады», – лічыць эксперт.

Таталітарныя тэндэнцыі і расейскія наратывы

Паводле Вадзіма Мажэйкі, праз тры гады пасля задушэння актыўных пратэстаў Беларусь усё яшчэ застаецца аўтарытарнай краінай, хоць і з рысамі таталітарызму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«У адрозненне ад распаўсюджанага меркавання, аўтарытарызм і таталітарызм адрозніваюцца не тым, што таталітарызм больш рэпрэсіўны. Аўтарытарызм накіраваны на дэмабілізацыю людзей, каб яны сядзелі ціха, ні ў чым не ўдзельнічалі, не высоўваліся. Таталітарызм накіраваны на мабілізацыю людзей, як, напрыклад, у фашысцкай Нямеччыне, дзе мабілізаванае грамадства імкнулася перабудаваць увесь свет, – кажа эксперт. – Таталітарызм звычайна патрабуе нейкай ідэалогіі. Таму глабальна Беларусь застаецца аўтарытарнай краінай, бо ўся ідэалогія зводзіцца да захавання ўлады Лукашэнкі. Няма і тэндэнцыі да моцнай мабілізацыі грамадства, бо, напрыклад, «Белая Русь» стала партыяй, але людзей не агітуюць масава туды ўступаць».

Разам з тым Вадзім Мажэйка адзначае дзве таталітарныя тэндэнцыі. Першая – усё большае ўмяшальніцтва ўладаў у адукацыю.

«Вайскова-патрыятычнае выхаванне, ваенрукі ў школах, адкрыты ўрок з Лукашэнкам. Гэта ўсё – праявы акурат таталітарызму, калі ўлада спрабуе лезці ў галовы моладзі, дзецям», – мяркуе аналітык.

Другая таталітарная праява – гэта калі ідэалагічны вакуум рознага кшталту прапагандысты і праўладныя актывісты спрабуюць запоўніць нават не беларускім, а расейскім прапагандысцкім наратывам.

«Напрыклад, Бондарава, Азаронак і тое, як яны цяпер нападалі на тык-токера Дзім Дзімыча, маўляў, не таго колеру адзенне, прапагандуе ЛГБТ. Гэта не было ўласціва для менскага рэжыму. Лукашэнка – досыць спакойны гамафоб. Ён рознае дапускаў у выказваннях, але не спрабаваў усіх вычысціць і зрабіць крыжовы паход супраць ЛГБТ, як гэта робіцца ў Расеі. Бондарава і Азаронак прыцягваюць менавіта расейскія таталітарныя наратывы», – кажа Мажэйка.

Grass roots прарастаюць, пакуль падпольна

На думку палітычнага аналітыка, тым не менш, нельга сказаць, што ў Беларусі ўжо ўсё скончана і нічога больш немагчыма. Нягледзячы на рэпрэсіі, будзе выспяваць і дарастаць новае пакаленне, якое не бачыла 2020 года. І няхай умовы для развіцця моладзі не такія спрыяльныя, як былі да 2020 года, аднак пратэсты магчымыя і цяпер, прычым, яны могуць вырасці з самых простых шараговых з’яваў, кажа Мажэйка.

«Мы надоечы пабачылі, як выпускнікі і іхныя бацькі былі раз’юшаныя падлікам балаў на цэнтралізаваным экзамене. Яны прыходзілі ў РІКВ, фактычна ладзілі там пратэсты, і яны перамаглі – дамагліся пераліку балаў, – падкрэслівае эксперт. – Таму нават такі пратэст супраць улады цалкам магчымы. Моладзь усё роўна будзе імкнуцца на захад, у Еўропу. Ніхто не марыць паехаць жыць і працаваць у Расею».

Праблема, аднак, у тым, зазначае Вадзім, што Беларусь зноў губляе 5–10 гадоў, пакуль будзе дарастаць новае пакаленне, пакуль наноў назапасіцца крытычная маса людзей, збягуцца нейкія фактары, якія зробяць новы пратэст магчымым.

Беларускай моладзі цяпер будзе складаней і таму, што ў краіне знішчаныя НДА, якія паказвалі людзям лепшыя заходнія практыкі ў розных галінах. Цяпер, праз адсутнасць НДА, якія ўлады задушылі ў 2021 годзе і працягваюць зачышчаць да сённяшняга дня, цярпяць як уразлівыя групы, так і ўсё грамадства, асабліва моладзь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

«Хоць я думаю, што НДА, grass roots усё роўна прарастуць, – зазначае Вадзім Мажэйка. – Яны і цяпер з’яўляюцца, хоць баяцца публічыцца. Дзейнасць падпольна, але ідзе. Вядома, што грамадзянская супольнасць не можа быць апрыёры падпольнай, яна мусіць быць публічнай, гэта таксама стрымлівае яе рост, і гэта дрэнна, але ўсё не ў нуль вынішчанае. Хоць шмат у чым страчаны мінулы досвед, і спатрэбяцца зноў гады, каб дасягнуць былых маштабаў».

Незадаволенасць назапашваецца і будзе чакаць часу і месца, каб праявіцца

На думку Вадзіма Мажэйкі, цяпер немагчыма спрагназаваць, якой Беларусь прыйдзе да новых прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе – ці ў цяперашнім стане, ці са значнымі зменамі. На дадзены момант усё залежыць ад падзеяў ва Украіне, і ці закране непасрэдна Беларусь вайна, кажа эксперт.

«Да 2025 года яшчэ будзе 2024. Паглядзім, як будзе працаваць Усебеларускі народны сход, як адновяцца парламент і мясцовыя саветы. Гэта таксама будзе фактычна пачаткам электаральнай кампаніі. Хоць хутчэй за ўсё нейкіх сюрпрызаў тут не будзе, але паглядзім, ці не будзе чорных лебедзяў, звязаных у тым лікам з вайной. Могуць быць вельмі непрадказальныя фактары, як паказала сітуацыя з Групаю Вагнэра, якія ўнясуць нейкую дэстабілізацыю ў Беларусь», – кажа Вадзім Мажэйка.

На думку аналітыка, важна назіраць за самымі простым працэсамі ў грамадстве, як тая ж незадаволенасць вынікамі ЦЭ, бо агульная атмасфера незадаволенасці захоўваецца, і патрэбныя толькі момант і месца, дзе яна зможа праявіцца.

Аналітыка
Андрэй Вардамацкі: У Беларусі спыніўся рост прарасейскай арыентацыі
2023.07.14 10:55

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў