Брытанская тэлерадыёкарпарацыя BBC паведамляе, што ў чыгуначнай катастрофе ў Індыі загінулі 288 асобаў, пацярпелі не менш за 900. Улады кажуць, што лік ахвяраў яшчэ павялічыцца. Гэта найбуйнейшае здарэнне на індыйскай чыгунцы за 42 гады.
Тры цягнікі сутыкнуліся ўвечары 2 чэрвеня на ўсходзе краіны. Спачатку з рэек сышлі каля 10 вагонаў аднаго пасажырскага экспрэса, потым у перакуленыя вагоны ўрэзаўся другі пасажырскі цягнік, што рушыў насустрач. У выніку сутыкнення вагоны зачапілі грузавы цягнік на трэцім шляху побач.
Паводле апошніх звестак, загінулых – 288, пацярпелых – 900. Улады прызнаюць, што лік ахвяраў вырасце, перадае брытанская тэлерадыёкарпарацыя BBC.
Reuters піша, што на месцы здарэння працуюць сотні ратавальнікаў і паліцыянтаў, задзейнічаныя службовыя сабакі. У мясцовых лякарнях – чэргі з тых, хто жадае здаць кроў для пацярпелых.
У краіне абвешчаная жалоба.
Што сталася прычынаю катастрофы, пакуль дакладна не вядома. Імаверна, віною састарэлая інфраструктура або збой у сістэме сігналізацыі. Апазіцыя заклікала да адстаўкі міністра чыгункі, паведамляюць мясцовыя выданні.
Гэта найбуйнейшае чыгуначнае здарэнне ў Індыі з 1981 года, калі на ўсходзе краіны пасажырскі цягнік сышоў з рэек на мосце і ўпаў у раку. Тады загінулі 800 асобаў.
Сяргей Крот belsat.eu