У чыгуначнай катастрофе ў Грэцыі 32 асобы загінулі, 85 пацярпелі


У Грэцыі адбылося лабавое сутыкненне пасажырскага і грузавога цягнікоў. Загінулі 32 асобы, 85 атрымалі раненні. «Reuters» піша, што гэтая чыгуначная аварыя стала ў краіне самай буйной за апошнія дзесяцігоддзі.

Наступствы чыгуначнай катастрофы ў Грэцыі. 1 сакавіка 2023 года.
Фота: Giannis Floulis / Reuters / Forum

Цягнікі сутыкнуліся на вялікай хуткасці. Першыя чатыры вагоны пасажырскага цягніка сышлі з рэек, два загарэліся. Яны былі амаль цалкам знішчаныя агнём.

У цягніку, што ехаў з Афінаў у Тэсалёнікі, былі каля 350 пасажыраў.

«Мы пачулі моцны выбух. Гэта было падобна да землятрусу. У вагоне была паніка, людзі крычалі», – распавялі пасажыры.

Выратавальная аперацыя на месцы здарэння працягваецца.

Чаму два сустрэчныя цягнікі апынуліся на адной каляіне, пакуль не высветлена.

Папярэдняя буйная чыгуначная аварыя здарылася ў Грэцыі ў 1972 годзе, калі ў выніку сутыкнення двух цягнікоў загінулі 19 асобаў.

Агенцтва «Reuters» адзначае, што чыгуначная сістэма ў краіне састарэла і вымагае мадэрнізацыі. Шмат якія цягнікі едуць па аднакалейках, а сістэмаў сігналізацыі і аўтаматычнага кіравання наогул шмат дзе няма.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў