ТАСС: Пажар у Тамані ўзнік праз падзенне беспілотніка


Паліўны рэзервуар на нафтабазе ў расейскай Тамані загарэўся ад падзення беспілотніка. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкаю на ўласныя крыніцы ў ратаўнічых службах.

Пажар на нафтабазе ў Тамані. Скрыншот з відэа: Gulli_ver_sn / Twitter

3 траўня расейскае агенцтва ТАСС паведаміла, што, паводле звестак ратаўнічых службаў, рэзервуар з нафтапрадуктамі ў паселішчы Вална Тэмрукскага раёну Краснадарскага краю Расеі загарэўся ў выніку падзення беспілотніка.

«Загаранне рэзервуару з нафтапрадуктамі на тэрыторыі прадпрыемства АТ «Таманьнефтегаз» адбылося ў выніку падзення беспілотніка», – сказаў суразмоўца агенцтву. Пры гэтым пра прыналежнасць беспілотнага лятальнага апарату да пэўных вайсковых сілаў ці краінаў не паведамляецца.

Гашэнне працягваецца. Пацярпелых няма. Да гашэння залучылі амаль 190 асобаў, пяць пажарных цягнікоў. З апошніх звестак, плошча пажару складае амаль 1,25 тыс. квадратных метраў.

У ноч на 3 траўня ў паселішчы Вална Тэмрукскага раёну загарэўся рэзервуар з нафтапрадуктамі. Пажару надалі найвышэйшы ранг складанасці.

Hавiны
Для лакалізацыі пажару на нафтабазе ў Тамані прыцягнулі 5 пажарных цягнікоў
2023.05.03 11:25

Нагадаем, што папярэдні выпадак пажару на расейскай нафтабазе стратэгічнага значэння здарыўся ўначы 29 красавіка ў Севастопалі, дзе загарэўся рэзервуар з палівам. Плошча загарання склала больш чым тысячу квадратных метраў. Афіцыйная прычына пажару – атака ўкраінскага беспілотніка.

Абноўлена
Моцны пажар у Севастопалі – гарыць нафтабаза
2023.04.29 08:21
Антон Тачняк belsat.eu
Стужка навінаў