Беларусь расказала UNESCO пра каштоўнасць культуры беларускага дударства


Міністэрства культуры Беларусі скіравала ў UNESCO дасье нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Культура беларускай дуды», піша дзяржаўнае агенцтва «БелТА». Нацыянальны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці беларускаму дударству надалі ў мінулым годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дуда Дзяніса Шматко. Варшава, Польшча. 30 чэрвеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Дасье на беларускую дуду скіравалі ў сакратарыят Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO (арганізацыі Аб’яднаных нацыяў у пытаннях адукацыі, навукі і культуры). Гэтае дасье падрыхтаваў у 2024 годзе Менгарвыканкам пры каардынацыі Міністэрства культуры адпаведна патрабаванням UNESCO.

Ці ўключаць беларускае дударства ў спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, невядома. Але ў гэтым спісе ўжо ёсць беларускія абрады Цары Каляды і Юраўскі карагод, Будслаўскі фэст, беларускае саломапляценне і бортніцтва.

У беларускім спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў дударства знаходзіцца з 2023 года. Міністэрства культуры падкрэслівала, што беларускай дудой трэба называць канкрэтны від інструменту: такі, які складаецца са скуранога меху, аднаго гуку (бурдону), адной жалейкі (перабор), соскі, і такі, у якім на кожнай з ігравых трубак усталяваныя рагаўні-раструбы.

Асобна ад гэтага ёсць спісы матэрыяльных каштоўнасцяў. У спісе сусветнай спадчыны з Беларусі – Белавежская пушча, Мірскі замак, Нясвіжскі палац і фрагменты геадэзічнай дугі Струвэ. У кандыдатах на ўключэнне ў яго – Аўгустаўскі канал, Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, Каложская царква ў Горадні, цэрквы абароннага тыпу ў Мураванцы, Сынкавічах і Камаях, а таксама драўляныя цэрквы на Палессі.

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя дуда была самым распаўсюджаным інструментам у Беларусі. Дударства на тэрыторыі сучаснай Беларусі згадваецца яшчэ з XV стагоддзя. У XXI стагоддзі ў Беларусі ладзілі шматлікія дударскія фэсты і канцэрты. Паводле дзяржаўнай статыстыкі, у Беларусі цяпер каля 30 прафесійных дудароў і не менш за 100 аматараў.

За гранне на дудах на акцыі пратэсту музыкі гурта «Irdorath» Уладзімір і Надзея Калачы прабылі за кратамі амаль два гады.

Hавiны
Мінкульт прапанаваў залучыць у спіс UNESCO беларускую выцінанку і неглюбскую тэкстыльную традыцыю
2023.10.06 14:42

Алнсь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў