Пяскоў пра беларускія і расейскія пратэсты: «Я б зусім іх не атаясамліваў»


Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, лічыць, што нельга праводзіць паралеляў паміж пратэстамі ў ягонай краіне і ў Беларусі, паведамляе ТАСС.

«Тут я б не стаў праводзіць нейкіх паралеляў. Безумоўна, ёсць падобныя элементы. Я маю на ўвазе элементы, звязаныя з правакатарамі, правакацыйныя элементы. Так, яны ёсць. Але ў той жа час мы ж дзве розныя краіны. У нас розныя сітуацыі, розныя прычыны, таму я б зусім гэтага не атаясамліваў».

Сілавікі ў абедзвюх краінах выконваюць свае абавязкі, мяркуе Пяскоў. Яны змагаюцца з правакатарамі ды несанкцыяванымі акцыямі.

Масавыя пратэставыя акцыі ў Расеі пачаліся пасля затрымання кіраўніка Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Асабліва вялікія маніфестацыі прайшлі 23 і 31 студзеня, калі па ўсёй краіне затрымалі больш як 3000 і 5000 чалавек адпаведна.

28 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія пратэсты былі спробаю Захаду здзейсніць бліцкрыг з мэтаю стварэння трампліну для кідка ў Расею.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў