Пасольствы і консульствы Украіны атрымліваюць скрываўленыя пакеты з вачыма жывёлінаў


За апошні тыдзень некалькі пасольстваў Украіны за мяжою атрымалі пасылкі з пагрозамі. Цяпер украінскі бок супрацоўнічае з праваахоўнікамі ў расследаванні ўсіх выпадкаў тэрору, паведамляе прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Ніколенка.

Пасылка з выбухоўкаю, якая была адрасаваная ўкраінскаму пасольству ў Іспаніі. Фота пасольства

«Пасля тэракту ў Іспаніі ў пасольствы ў Вугоршчыне, Нідэрландах, Польшчы, Харватыі, Італіі, генеральныя консульствы ў Неапалі і Кракаве, у консульства ў Брне паступілі скрываўленыя пакеты», – піша Алег Ніколенка.

Паводле словаў прэс-сакратара МЗС, пасольствы атрымлівалі вочы жывёлінаў, а самі пакеты былі насычаныя вадкасцю характэрнага колеру і мелі адпаведны пах. Акрамя гэтага, жытло пасла ў Ватыкане зазнала акт вандалізму, а ў Казахстане атрымалі паведамленне аб мінаванні, якое не пацвердзілася.

«Амбасада ў ЗША атрымала ліст з ксеракопіяй крытычнага артыкулу аб Украіне, але, як і большасць іншых канвертаў, гэты ліст сінхронна з іншымі паступіў з тэрыторыі адной еўрапейскай краіны», – адзначае Ніколенка.

Кіраўнік МЗС Дмытро Кулэба заявіў, што спроба запалохвання пасольстваў і консульстваў Украіны ёсць звычайнай кампаніяй тэрору.

«Спробы спыніць нашую краіну на дыпламатычным фронце ніякім чынам не запалохаюць нашых дыпламатаў, якія і далей будуць эфектыўна працаваць», – заявіў Кулэба.

На даручэнне Кулэбы ўсе ўкраінскія пасольствы і консульствы пераведзеныя ў рэжым узмоцненых захадаў бяспекі. Ніколенка таксама заклікаў замежныя ўрады гарантаваць максімальную абарону ўкраінскіх дыпламатычных установаў у адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах.

Спікер МЗС адзначыў, што дыпламаты і надаоей працуюць над умацаваннем абараназдольнасці Украіны і забеспячэннем украінцаў неабходным энергетычным абсталяваннем на зіму.

«Украінскі бок узаемадзейнічае з праваахоўнікамі замежных краінаў для расследавання ўсіх выпадкаў пагрозаў, устанаўлення датычных асобаў і прыцягнення іх да адказнасці», – дадаў Ніколенка.

Нагадаем, 30 лістапада амбасада Украіны ў Мадрыдзе атрымала канверт, які пазней выбухнуў у руках каменданта. Ён атрымаў нязначныя раненні і быў шпіталізаваны.

Hавiны
Беларусь і Расею сабраліся пазбавіць права вета ў АБСЕ
2022.12.02 13:41

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў