«Наперадзе нас чакае не толькі падняцце з руінаў Украіны, але і ўласнага сумлення»


Новая вядоўца праграмы «Intermarium» Наста Ільіна. Гледачы «Белсату» могуць яе ведаць як журналістку-міжнародніцу. За кадрам заставалася тое, што Наста – гісторык і кандыдатка гуманітарных навук. Цяпер на пляцоўцы «Intermarium’у» эксперты разам з вядоўцай будуць тлумачыць, якія неразвязаныя праблемы мінуўшчыны прыводзяць да трагедыяў сённяшняга дня.

Вядоўца праграмы «Intermarium» Наста Ільіна. Скрыншот праграмы Youtube.com

– Наколькі вы арыентаваліся на праграму «Intermarium», якая выходзіла раней? Ці прыўнеслі вы нешта новае ў змест ў якасці вядоўцы?

– Праграма выходзіць у новай геапалітычнай рэчаіснасці: у нашым рэгіёне Міжмор’е ідзе вайна. Безумоўна, мы дапасаваліся да гэтых новых выклікаў. Падавалася б, у цяперашнім віры падзеяў не да гісторыі, але гэта не так, мы мусім выразна бачыць, адкуль мы і з кім мы, і што пытанне рэгіянальнай бяспекі – гэта будаванне Міжмор’я. Беларусь – частка Міжморʼя і, як кожны народ Міжморʼя, заслугоўвае на суверэнітэт, дэмакратыю і ўласную адметнасць. Наш дом тут, у Еўропе, з якой мы не толькі звязаныя гістарычна, але і стваралі яе ўсе мінулыя стагоддзі. Гэта і будзем спрабаваць давесці ў праграмах «Іntermarium».

– Што закладаеце ў праграме: гэта больш палітычны ці гістарычны падыход да трактавання падзеяў?

– Мы не толькі трактуем сучасныя падзеі, мы размаўляем пра гісторыю ў першую чаргу, бо праграма «Іntermarium» – гэта гістарычная праграма. Але мы спрабуем патлумачыць, чаму сённяшні дзень выглядае менавіта так, і робім гэта праз гісторыю.  Шмат якія праблемы не знайшлі свайго развязання ў мінулым. Я перакананая, што калі няма гістарычнай праўды ці гэтая гістарычная праўда фальшуецца, то рана ці позна гэта прыводзіць да вайсковых канфліктаў.

Здымкі праграмы «Intermarium».
Фота: Белсат

– Ты сама інтэрпрэтуеш гэтыя падзеі з журналісцкага пункту гледжання ці з гістарычнага – як гісторык па адукацыі?

– Гэта заўсёды пошук балансу, і нават адбываецца ўнутраная барацьба. Калі пачалася вайна, я як журналістка шмат пісала пра вайну, пра тое, як гэты канфлікт распачынаўся. Гэта была «звычайная» журналісцкая праца з інфармацыяй і нейкія аналітычныя прагнозы. Калі ж мы пабачылі, якія ваенныя злачынствы акупанты здзейснілі ў Бучы, Ірпіні, то прыйшло ўсведамленне, што мы ўсе сталі сведкамі генацыду, і нам з гэтым трэба жыць надалей. Узнікла патрэба вярнуцца да тых падзеяў, каб зразумець, чаму «атрымалася паўтарыць» у лютым 2022 года? Мы захацелі паразважаць, чаму ў Расеі атрымалася паўтарыць злачынствы Другой сусветнай вайны? Ды не толькі ў Расеі, будзем шчырымі, лукашэнкаўская Беларусь – суагрэсарка ў гэтым канфлікце. Нас наперадзе чакае не толькі падняцце з руінаў Украіны, але і ўласнага сумлення. Таму варта пра гэта гаварыць. Таксама трэба гаварыць пра тое, што гісторыю выкарыстоўваюць як палітычны інструмент.

– Выкарыстоўвае рэжым Пуціна і Лукашэнкі?

– Выкарыстоўваюць таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы. Бо калі дэмакратыя і адкрытае грамадства, то гісторыя – гэта платформа для адкрытай дыскусіі, дзе твае апаненты – не ідэалагічныя ворагі. Нават у складаных тэмах ты знаходзіш з імі агульную мову. Зрэшты, мы гэта і робім на пляцоўцы «Intermarium’у». Калі адбываецца злачынства, яно суправаджаецца маўчаннем. Так было, да прыкладу, з рэпрэсіямі ў Савецкім Саюзе. Таму адчула прафесійны абавязак не маўчаць цяпер.

– Чаму гэтае маўчанне існуе?

– Бо гэта посттраўматычны сіндром таталітарызму. Мы жылі ў гэтым таталітарызме і праз аўтарытарызм зноў скаціліся ў таталітарызм. У адкрытых грамадствах пра складаную гісторыю не маўчаць. Пра яе гавораць гучна, каб гэтае злачынства не паўтарыць у будучыні. Заахвочваю гэтае выданне праграмы «Intermarium» паглядзець на нашым YouTube-канале «Belsat History».

– Найбліжэйшыя выданні будуць прысвечаны ваеннаму ўварванню ва Украіну?

– У наступнай праграме пагаворым пра Пятра І. Агрэсар, пачынальнік вайны ва Украіне, Уладзімір Пуцін параўнаў сябе з Пятром І. Мы пастанавілі разабрацца: кім сапраўды Пётр І быў для народаў Міжмор’я?

Belsat.eu

Стужка навінаў