Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні Рады БНР


У дачыненні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі заведзеная крымінальная справа паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх – змова з мэтаю захопу ўлады, кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваннем», дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і іншыя. Аб гэтым паведаміў начальнік аддзелу Генеральнай пракуратуры Валерый Шуляк.

Старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла. Кадр з відэазвароту / Рада БНР / radabnr.org

Генеральная пракуратура адзначыла, што крымінальная справа была заведзеная ў рамках нагляду за выкананнем заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму па факце супрацьпраўнай дзейнасці, як яны пішуць, «пранацысцкага экстрэмісцкага фармавання «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі».

Адкрытая крымінальная справа накіраваная Генеральнай пракуратурай старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі для арганізацыі папярэдняга расследавання, высвятлення і прыцягнення да адказнасці ўсіх датычных да дзейнасці Рады БНР, «дзе б яны ні знаходзіліся: як за мяжой, так і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.

Ставіцца ў віну тое, што Рада пазіцыянуе сябе як «урад у выгнанні», а кіраўніца Рады БНР абвяшчае сябе прэзідэнтам.

Сярод «злачынстваў» Рады БНР адзначаецца тое, што яна каардынуе сваю дзейнасць з «іншымі экстрэмісцкімі арганізацыямі», у ліку якіх называюцца Каардынацыйная рада і Аб’яднаны пераходны кабінет, а таксама наладжвае сувязі з дзейнымі на тэрыторыі Украіны ўзброенымі структурамі, «у якія ўваходзяць і грамадзяне Рэспублікі Беларусь».

Генеральная пракуратура адзначае, што ў сваіх інфармацыйных матэрыялах Рада БНР нібыта распаўсюджвае «заведама лжывыя звесткі пра палітычны, эканамічны, сацыяльны, вайсковы і міжнародны стан Рэспублікі Беларусь», а таксама з дапамогай іх распальвае сацыяльную варожасць, вядзе прапаганду экстрэмізму і тэрарызму.

Сярод «злачынстваў» Рады згадваецца таксама стварэнне «бачнасці існавання атрыбутаў “паралельнай” дзяржавы»: стварэнне ўласнай сістэмы ўзнагародаў, якая быццам бы была заснаваная «калабарантамі» ў 1940–1950-я гады, тым самым Рада, маўляў, спрабуе стварыць рэпутацыю «паўнамоцнага “ўраду ў выгнанні”».

У сувязі з гэтым Генпракуратура абвінавачвае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады;
  • кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем ці фармаваннем, дзейнасць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму;
  • уцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць, учыненае групай асобаў;
  • распальванне варожасці;
  • наўмысныя дзеянні для рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асобаў;
  • падбухторванне грамадзянаў РБ да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы;
  • дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

Адзначаецца, што ў Рэспубліцы Беларусь Рада БНР прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», а яе інфармацыйная прадукцыя – «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Таксама Генеральная пракуратура «лічыць неабходным ініцыяваць праз дыпламатычныя каналы патрабаванне да ўладаў ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі прыняць вычарпальныя і неадкладныя меры да спынення дзейнасці названага экстрэмісцкага фармавання пранацысцкага кшталту на іх тэрыторыі», гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ёсць пераемніцай ураду БНР, створанага ў 1918 годзе, які быў вымушаны эміграваць. Старшынёй Рады БНР ёсць 87-гадовая Івонка Сурвіла, якая была пераабраная ў верасні на наступны тэрмін у 6 гадоў. Гэтую пасаду яна займае з 1997 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў