У Літве за паўгода паболела на 10 тысячаў беларусаў


Колькасць беларусаў у Літве зараз перавышае 58 000 чалавек, за паўгода іх колькасць вырасла на 10 000, такія статыстычныя дадзеныя прывёў Дэпартамент міграцыі Літвы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каля Сейма Літвы адбыўся мітынг беларусаў у адказ на вета прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы на прыняты Сеймам закон аб нацыянальных санкцыях. 20 красавіка 2023 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

У літоўскім ведамстве адзначылі, што станам на 1 ліпеня 2023 года ў краіне пражывае 195 550 іншаземцаў, у той час як у студзені было 180 411. Такім чынам, колькасць замежнікаў павялічылася на больш як на 6000 чалавек.

Згодна з дадзенымі Дэпартамента за апошнія паўгода колькасць беларусаў вырасла з 48 804 да 58 347 чалавек.

«Грамадзяне Беларусі застаюцца адной з самых вялікіх групаў іншаземцаў, якія прыязджаюць у Літву на заробкі, саступаючы толькі ўкраінцам, – адзначае Эвеліна Гудзінескайце, дырэктарка Дэпартамента міграцыі. – На іх не распаўсюджваюцца іміграцыйныя абмежаванні з-за ваеннай агрэсіі супраць Украіны, таму беларусы могуць бесперашкодна атрымаць від на жыхарства ў Літве».

Таксама павялічылася і колькасць расейцаў у краіне з 15 706 да 16 193 чалавек, але найбольшай групай усё адно застаюцца ўкраінцы, хоць іх колькасць за паўгода, наадварот, паменшылася. Зніжэнне ў дэпартаменце звязваюць са зменамі ў міграцыі ўцекачоў з украінскай вайны.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў