«Тры разы мяне спрабавалі забіць у калоніі». Згадвае былы палітвязень Міхаіл Жамчужны


Былы палітычны вязень Міхаіл Жамчужны трапіў за краты 23 студзеня падчас маштабнага рэйду сілавікоў супраць былых палітзняволеных ды іхных сваякоў. Пасля шасці содняў, якія ён правёў у ІЧУ і ў ШІЗА, быў вымушаны пакінуць краіну, бо была пагроза зноў трапіць за краты. Падчас 11 гадоў за кратамі актывіста тройчы спрабавалі забіць.

Затрыманне было даволі жорсткім

– Як вас затрымалі?

– Маё затрыманне было нечаканым, але перад гэтым мне разоў сем патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі. Я ведаю, што тэлефануюць са старонніх тэлефонаў перад затрыманнем, таму я паспеў знішчыць усе дакументы, якія кампраметуюць нашую каманду. І адчыніў дзверы ў чыстым памяшканні, дзе яны нічога практычна не здолелі знайсці. Затрыманне было даволі жорсткім. Адчыніўшы дзверы, яны мне ў вочы скіравалі пражэктар. «Касманаўты» прайшліся па ўсім пакоі, потым адбыўся ператрус, перавярнулі ўсё што маглі. Ператрус завяршыўся затрыманнем КДБ гораду Віцебску і допытам з заўзятасцю, з ужываннем катаванняў. Цяпер я прабыў у зняволенні два разы па 72 гадзіны. Спачатку паводле крымінальнай справы затрымалі, потым яшчэ на 72 гадзіны паводле адміністратыўнай. Але ў звязку з тым, што тэрмін затрымання ў СІЗА скончыўся, мяне выпусцілі без усялякіх абавязкаў кудысьці з’явіцца.

– Чаму вы былі вымушаныя пакінуць краіну?

– Адразу пасля затрымання я зразумеў, што заведзеная крымінальная справа супраць каманды дысідэнтаў. У звязку з тым, што крымінальная справа прадугледжвала да сямі гадоў пазбаўлення волі, а я палітычны рэцыдывіст, то зразумеў, што з калоніі я не вярнуся. Таму адзіная магчымасць падоўжыць маю барацьбу, вайну з рэжымам, – гэта сысці з Беларусі і заняць месца ў акопе з астатнімі нашымі паплечнікамі.

– З чым вы звязваеце сваё затрыманне?

– З дапамогай асуджаным, якія былі пад следствам. Я ўвесь час насіў ім перадачы, дапамагаў падчас судовых паседжанняў, запісваў аўдыя гэтых паседжанняў. І гэтак, па-першае, вывучаў методыку прыцягнення да крымінальнай адказнасці і, па-другое, дапамагаў чым мог і даволі эфектыўна асуджаным паводле палітычных матываў.

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

«Курыць не давалі, гэта таксама дастаткова балюча»

– Агулам вы прабылі за кратамі 11 гадоў. Першы раз крымінальны пераслед зазналі ў 2006-м, потым былі асуджаныя ў 2015-м – да 6,5 года калоніі, пасля таго як асудзілі кіраўніка пляцоўкі «Платформ Інавэйшн» Андрэя Бандарэнку. Вы выйшлі на волю ўжо пасля прэзідэнцкіх выбараў, 19 лютага 2021-га. Што вы адчувалі, калі сядзелі? Ці ведалі, што адбываецца ў краіне?

– Нам затрыманыя па этапах аператыўна дастаўлялі інфармацыю, можа, нават хутчэй, чымся яна ў медыі трапляла. Мы глядзелі і слухалі радыё паміж радкамі, таму аператыўна рэагавалі, падтрымлівалі пратэсты. І па ўсіх калоніях былі страйкі, якія былі потым жорстка перарваныя.

– Як вы можаце параўнаць умовы ўтрымання і стаўлення да вас цяпер і тады, у 2015 годзе? Што змянілася?

– Цяпер, калі мяне затрымалі, я быў у ІЧУ. Гэта адрозніваецца ад следчага ізалятару і ўтрымання ў калоніі, таму параўнаць дастаткова складана. Стаўленне да мяне з боку адміністрацыі следчага ізалятару было вельмі стрыманае. Пакутавалі ўсе астатнія сукамернікі, бо праходзілі сталыя ператрусы – і ўдзень, і ўначы: не давалі нам ні матрацаў, ні коўдраў, мы спалі на голых нарах, на жалезе. Пакутавалі і сукамернікі, затрыманыя за бандытызм. Курыць не давалі, гэта таксама дастаткова балюча.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

– Калі ў 2020-м, 2021 годзе вы яшчэ сядзелі за кратамі, ці мяняліся нейкім чынам умовы і стаўленне да вас?

Так, мяняліся. Па-першае, тэрмін быў спецыяльна прызначаны для таго, каб я не трапіў на гэтыя прэзідэнцкія выбары. Да выбараў умовы ўтрымання былі даволі жорсткія для мяне і іншых палітвязняў. Калі пачаліся пратэсты, адміністрацыя калоніі вельмі спалохалася, што могуць прыйсці да ўлады нашыя паплечнікі. Рэжым стаў нашмат мякчэйшы, яны баяліся настроіць супраць сябе вязняў. Частку канвою скіравалі здушваць пратэсты ў Менск, таму ў калоніі заставалася нязначная колькасць супрацоўнікаў, яны не выходзілі адныя на тэрыторыю калоніі, імкнуліся пазбягаць кантактаў з вязнямі.

– Якім чынам можаце ахарактарызаваць умовы ўтрымання падчас гэтых 6,5 года?

Умовы ўтрымання былі вельмі жорсткія, бо я быў адзіны палітычны вязень у той час. У звязку з гэтым было абмежаванае фінансаванне спецслужбаў крэдытам з малым адсоткам за кошт Міжнароднага валютнага фонду. Мяне спрабавалі прымусіць да таго, каб я прызнаў сваю віну і адрокся ад палітычных патрабаванняў. Але я вытрымаў усе рэпрэсіі і лічыў сваім абавязкам хоць такім чынам абмежаваць фінансаванне злачыннага рэжыму ў Беларусі.

«Мяне практычна пазбавілі вітамінаў, перадачаў і лістоў»

– Якія спазналі рэпрэсіі падчас зняволення?

Тры разы мяне спрабавалі забіць у калоніі… Але я разумеў, што будуць такія дзеянні і быў падрыхтаваны. Мяне практычна пазбавілі вітамінаў, перадачаў і лістоў. Але я актыўна супраціўляўся, усяляк абскарджваў гэта ў пракуратуру, у суд. У выніку атрымаў перамогу, бо начальніка калоніі Лапатку адправілі на пенсію, бо той не здолеў дабіцца пастаўленай мэты прымусіць мяне адмовіцца ад палітычных перакананняў і прызнаць віну.

– Можаце апавесці больш падрабязна пра гэтыя спробы забойства?

Першая спроба была праз атручаную ежу. Я працаваў у навуцы і ведаў на смак рэактывы, з якімі працаваў. Я адразу вызначыў, што ў ежы вялікая колькасць шчолачы. Шчолач уступае ў рэакцыю нейтралізацыі з кіслатою страўніка і такім чынам ежа перастае стрававацца. Яна пачынае загніваць усярэдзіне і за кошт вылучэння вялікай колькасці газаў вантробы ў чалавека пачынаюць выходзіць вонкі праз рот. Я назіраў гэта ў суседніх камерах. Там таксама былі смяротнікі, гэтак званыя. І я, вядома, тут жа запатрабаваў экспертызу пробаў ежы. Замовіў у аблвыканкаме Горак правяранне блоку харчавання ў калоніі. Санэпідстанцыя ўстанавіла факт атручэння і навяла парадак. Праўда, потым пракуратура ўсе матэрыялы і прызнанне мяне атручаным выключыла з адкрытага доступу. Такім чынам, справа не атрымала развіцця.

Другі раз – мяне хацелі застрэліць нібыта пры спробе ўцёкаў. Аператыўнік са зброяй вывеў мяне на кантрольна-следавую паласу. І сказаў, што пры нападзе на яго ён будзе абараняцца і страляць пры маёй спробе перайсці гэтую кантрольна-следавую паласу. Але я гэта з гумарам успрыняў, бо, па-першае, у калоніі забаронена насіць агнявую зброю. Я так меркаваў, што там кабура была пустая. Па-другое, мяне мусіць суправаджаць канвой, а не адзін аператыўнік, прычым за межамі тэрыторыі калоніі.

І трэцяя спроба – гэта стандартная зробленая ў калоніі неаднаразова магчымасць ускрыць чалавека падчас душу. Там ёсць спецыяльная брамка па-за камерамі відэаназірання, каманда можа зайсці ў штрафны ізалятар і неўзаметку прайсці ў душ, ускрыць і дачакацца пакуль, чалавек загіне, зрабіць гэта ў выглядзе суіцыду. Я быў гатовы да гэтага, мяне папярэдзілі, бо за месяц да вызвалення іншага вязня таксама ўскрылі, ён не дажыў да таго, як яго перавяжуць, загінуў проста на насілках. І як толькі падчас душу вымкнулася святло, я зразумеў, што могуць быць непрыемнасці. Я заняў месца каля дзвярэй і падрыхтаваўся да актыўнай абароны. Але, мяркуючы з усяго, за мною назіралі, пракрасціся ў душ не наважыліся, бо я чалавек спартовы, падрыхтаваны. І, натуральна, калі б нехта туды зайшоў, то наўрад ці назад бы ўсе выйшлі. Я быў гатовы абараніць сваю бяспеку.

Схаваць смерць ў месцах пазбаўлення волі немагчыма

– Пра каго вы кажаце, што не выйшаў з закратаў?

– Адзін вязень, які змагаўся з рэжымам, таксама быў у ШІЗА. Яго за месяц да вызвалення ўскрылі ў душы. Мне пра гэта паведамілі, падрыхтавалі загадзя, бо было вельмі шмат тых, хто спачувае палітычным вязням сярод бандытаў. Мы сябравалі і дапамагалі адно аднаму.

– Ці вядомае імя гэтага палітзняволенага?

– Не, імя невядомае, але схаваць смерць немагчыма ў месцах пазбаўлення волі, можна храналагічна гэтую справу расследаваць. Імя мне не сказалі, проста паведамленне, што такое было.

– Ці вядома, у які дзень гэта было?

– У які дзень, я не магу сказаць, але гэта было ў 2019 годзе, калі я быў у штрафным ізалятары. Мяне адразу папярэдзілі, што такое можа быць, як толькі я туды трапіў, таму я быў заўсёды гатовы да любых нечаканасцяў.

– Невядома, у якім месяцы забілі гэтага палітзняволенага?

– Гэта было лета, але які вязень гэта быў, палітычны ці проста пратэстовец, такія таксама бываюць, якія пратэстуюць супраць рэжыму ўтрымання калоніі, не скажу. Я думаю, людзі, якія сядзелі адначасова са мной у гэтай калоніі, у штрафным ізалятары, цудоўна гэтага чалавека ведаюць, і ў выпадку расследавання паведамяць, хто гэта такі. Сувязі ў мяне з маймі сядзельцамі, сукамернікамі падтрымліваюцца да гэтага часу.

– У якой калоніі гэта адбылося?

– Калонія нумар 9 у Горках. Там у асноўным усе рэпрэсіі былі, у астатніх калоніях мне асаблівых прэтэнзіяў ніхто не выстаўляў. Калі я стаў экстрэмістам, калі мне навесілі жоўтую бірку, менавіта ў гэтай калоніі і пачаліся актыўныя пераследы, як з боку адміністрацыі, гэтак і з боку гэтак званых блатных, асабліва аднаго з іх. Але яго дастаткова жорстка пакаралі за тое, што выстаўляў мне прэтэнзіі і спрабаваў збіць у санчастцы. Гэта катэгарычна забаронена «по понятиях».

– У якіх гадах былі спробы вас забіць?

– Гэта было ў 2019–2020-ыя. Калі пачаліся пратэсты, гэта спынілася. Да мяне з асцярогай сталі ставіцца, бо я там быў дастаткова вядомай асобаю, мяне ўся калонія ведала і вязні паважалі маю пазіцыю. Таму ў выпадку нейкіх рэпрэсіяў адносна мяне вязні маглі падняцца на пратэст усёй камандай. У нас гэта прынята – адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Людзі, якія сядзяць у штрафным ізалятары, вельмі згуртаваныя. Калі кагосьці там пачынаюць збіваць ці рэпрэсаваць, усё ШІЗА пачынае грукаць у дзверы, ламаць мэблю да часу, пакуль той, хто трапіў пад ціск, не паведаміць усім, што яго ніхто не чапае, канфлікт уладжаны і супрацоўнікі ШІЗА спынілі рэпрэсіі.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

«Быў гатовы змагацца да канца і за жыццё, і за свабоду беларусаў»

– Чаму былі гэтыя спробы вас забіць?

– Думаю, ад мяне як адзінага палітвязня ў Беларусі хацелі пазбавіцца і не даць гэтаму агалоскі, бо мяне ўвесь час трымалі ў ШІЗА, і ў іх «спісаць» асуджанага значна лягчэй, чымся сабаку, які яго ахоўвае. Гледзячы на тое, як падрыхтаваная гэтая сістэма суіцыду або імітацыі суіцыду ў калоніі, мяне маглі неаднаразова нейтралізаваць, то бок забіць, і гэта па загадзе магло быць зроблена ў любы момант. Я, сядаючы ў калонію, цудоўна разумеў, што мяне і на волі могуць забіць, і ў калоніі ў любы момант. Я быў да гэтага гатовы, але суіцыдам я не збіраўся заканчваць свайго жыцця. Я быў гатовы змагацца да канца і за жыццё, і за свабоду беларусаў.

– Чаму вы вырашылі распавесці пра гэтыя спробы вас забіць?

Каб падрыхтаваць іншых вязняў ды іхных адвакатаў, што гэта можа адбывацца. Гэта дзікасць, якую я адчуў на сабе. Я нават не ўяўляў, што такое можа быць, але я ўпэўніўся, што гэта існуе, што гэта загадзя падрыхтавана. Зробленыя адмысловыя дзверы ўдалечыні ад камераў відэаназірання, туды можна пракрасціся зусім неўзаметку. Я зрабіў высновы, што гэта цалкам рэальна і да гэтага даўно падрыхтаваная нашая пенітэнцыярная сістэма.

– Даходзяць звесткі пра гібель нашых палітычных вязняў, кожны раз чуем пра новыя забойствы. Чаму так адбываецца?

Гэта працяг той самай сістэмы рэпрэсіяў, якая і да мяне была ўжытая ў свой час. Любая спроба імітацыі суіцыду магла скончыцца маёй гібеллю. Верагодна, у гэтыя пасткі патрапілі і іншыя палітвязні, якія на жаль, як кажуць, загінулі пры выкананні сваіх абавязкаў. У мяне вялікі досвед, я 11,5 года быў у месцах пазбаўлення волі. Я быў да ўсяго гатовы, я ведаў, на што здольныя блатныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, і аператыўнікі як сябе паводзяць, таму са мною дастаткова складана было ажыццяўляць свае мэты. Я не маўчаў, я заўсёды апратэстоўваў гэта ў пракуратуру, пісаў заявы і ў суды.

– Вы даволі доўга заставаліся ў Беларусі. Чым займаліся ўвесь час?

У Беларусі я актыўна займаўся праваабарончаю дзейнасцю: наведваў усе суды палітычных вязняў з 2021 года, запісваў аўдыя, каб потым можна было выставіць прэтэнзіі да следства.

– Плануеце найдалей займацца дзейнасцю ў сферы правоў палітзняволеных?

Безумоўна, гэта мая асноўная мэта. Тут у мяне рукі развязаныя і за мною ніхто не назірае, і я буду ўсімі сіламі ажыццяўляць папярэднюю дзейнасць. У мяне вялікі досвед, і я ўжо прыступіў да гэтага. Я тут кансультую тых, хто пакінуў Беларусь вымушана. Мы разам тут змагаемся за будучыню нашага народу, за будучыню нашай краіны і безумоўна пераможам.

Ганна Русінава, belsat.eu

Стужка навінаў