«Дзе казематы? Дзе катавальныя?» Аўтарка СБ з'ездзіла пад Слуцк і не знайшла лагер для пратэстоўцаў


На Sb.by зʼявіўся матэрыял Людзмілы Гладкай пад назвай «Поехала в концлагерь под Слуцком – попала в ЛТП». Рэпарцёрка наведала ЛПП № 3 пад Слуцкам, дзе ў жніўні нібыта стварылі лагер для пратэстоўцаў.

Пасля запісу з голасам Мікалая Карпянкова, які казаў пра неабходнасць стварэння лагеру з калючым дротам, некаторыя пратэстоўцы згадалі, што летась у жніўні апынуліся якраз у такім месцы на тэрыторыі Слуцкага ЛПП. А «Радыё Свабода» апублікавала фатаграфіі, што, хутчэй за ўсё зрабілі там, і аповед супрацоўніка ўстановы.

Hавiны
Апублікаваныя фота лагеру для пратэстоўцаў. Пад Слуцкам хацелі прыняць 2000 чалавек
2021.01.26 11:58

У сваім рэпартажы Людзміла Гладкая паспрабавала паказаць жыццё ЛПП і абвергнуць сцверджанні пра лагер на гэтым месцы.

«Дзе казематы? Дзе катавальныя? Няма. Ізноў нездаровыя фантазіі «надзвычайных», якія раззванілі і смакуюць сенсацыю, быццам у Менскай вобласці выяўлены самы сапраўдны канцлагер», – падсумавала сваю паездку Гладкая.

Таксама карэспандэнтка ўзяла каментар у кіраўніка ЛПП Алесі Горбаль.

«Усё гэта, вядома, не адпавядае сапраўднасці. Лячэбна-папраўчы прафілакторый працуе з 1994 года, ніхто яго не пераймяноўваў, ніякіх спецлагераў тут не рабіў», – запэўнівае Горбаль.

Гладкая паказала будзённае жыццё ЛПП і прадэманстравала добрыя ўмовы ў ім: які ж гэта лагер? Аднак «Радыё Свабода» ў сваім матэрыяле адзначала: пра скасаванне ЛПП гаворкі не ішло. На некалькі дзён у жніўні сапраўды зрабілі лагер, але пасля ўстанова працавала ў штатным рэжыме.

Таксама журналістка паспрабавала абвергнуць сцверджанне пра падрыхтоўку лагеру для прыёму 2 тысячаў чалавек. Яна адзначае, што ў ЛПП лдюзей у дзесяць разоў менш – больш не дазваляюць ліміты. Але ў той жа час Гладкая піша, што ў жніўні на тэрыторыі прафілакторыя стварылі ўчастак Слуцкага ІЧУ. А гэта ўжо розныя ўстановы.

Тым жа часам Гладкая прызнае: вышкі сапраўды былі, ды і ахову ўзмацнілі, «а як інакш?».

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў