Медыяменеджар Андрэй Аляксандраў ды Ірына Злобіна 1 верасня ўзялі шлюб у менскім СІЗА № 1, паведамляе БАЖ. Яны больш за паўтара года застаюцца за кратамі.
Вядома, што Андрэй зрабіў Ірыне прапанову ўжо за кратамі.
Маладзёны Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна праходзяць падазраванымі ў «справе БелаПАНу», якую пачаў разглядаць 6 чэрвеня ў закрытым рэжыме Менскі абласны суд.
Іх затрымалі 12 студзеня летась і абвінавацілі ў рыхтаванні ў перыяд з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш як 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Такім рыхтаваннем пракуратура палічыла аплату штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым падчас акцыяў пратэсту ўлетку і ўвосень 2020 года. МУС сцвярджае, што Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў і такім чынам разам з Ірынаю Злобінаю перадаў 4 мільёны долараў рэпрэсаваным ад фонду «By_Help». Гэта кваліфікавалі як здраду дзяржаве.
Андрэя Аляксандрава з двума іншымі фігурантамі справы – Ірынаю Леўшынай і Дзмітрыем Наважылавым – вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім. БелаПАН прызналі экстрэмісцкім фармаваннем у лістападзе 2021 года пастановаю КДБ.
І Ірыне, і Аляксандру пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Абаіх у СІЗА паставілі на ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеянняў». Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.
Алена Рувіна belsat.eu