Улады Беларусі паабяцалі дапамагчы аднавіць касцёл у Будславе


Дзяржава дапаможа аднавіць святыню ў Будславе. Пра гэта заявіў старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын 1 ліпеня на сустрэчы з папскім легатам, арцыбіскупам Кляўд’ё Гуджэроцці.

Будслаўскі фэст, 1 ліпеня 2023 года.
Фота: mlyn.by

Кляўд’ё Гуджэроцці прыбыў у Беларусь у якасці адмысловага пасланніка Папы Рымскага Францішка для ўдзелу ў святкаваннях, прымеркаваных да 25-й гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Сустрэча адбылася ў касцёле ў Будславе.

«Дзяржава гатовая ўзяць удзел у аднаўленні святыні. Трэба падрыхтаваць праектную дакументацыю, каб у наступным годзе можна было ўжо вылучаць фінансаванне», – сказаў старшыня Менскага аблвыканкаму.

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася прыцягненне ў Будслаў турыстаў і пілігрымаў, у тым ліку з Заходняй Еўропы, бо ім «можа быць цікава не толькі ўбачыць касцёл, але і пабываць у іншых кутках Нарачанскага краю, паглядзець прыродную прыгажосць».

«У нашай вобласці, краіне мы аднолькава добра ставімся да ўсіх канфесіяў», – зазначыў Турчын у размове з журналістамі па выніках сустрэчы.

Штогадовы Будслаўскі фэст сёлета праходзіць з 30 чэрвеня да 1 ліпеня і прымеркаваны да 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

У траўні 2021 года ў будслаўскім касцёле адбыўся пажар, у выніку якога згарэў дах. На рамонт касцёлу былі адкрытыя дабрачынныя рахункі. Планы рэстаўрацыі пасля пажару распісаныя на 11 гадоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў