Без афіцыёзу, у салідарнасці з Украінай і ў духу карнавалу. Як святкуюць Першамай у Польшчы


Беларускія ўлады 1 траўня зноў святкавалі Дзень працы. Ды хвасталіся, што здолелі захаваць гэтую традыцыю ў сябе. Мы ж праверылі, наколькі гэта праўда і як яшчэ можна святкаваць больш весела ды менш афіцыёзна.

Першамай у Цехацінку, Польшча. 1 траўня 2022 года.
Фота: НГ / Белсат

Як гэта было ў Менску

У Менску асноўнай пляцоўкай для ўрачыстасцяў з нагоды 1 траўня ў Менску стаў парк Перамогі. Усё пачалося з афіцыёзу – ускладання чыноўнікамі кветак да стэлы. Потым выступалі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Прадстаўнікі рэжыму, які спрыяў агрэсіі супраць Украіны, казалі пра мірнае неба, выстаўлялі прэтэнзіі да МВФ і Еўразвязу, распавядалі пра эканамічныя цяжкасці ў іншых краінах і абяцалі выстаяць пад санкцыямі.

Першамай 1 траўня 2022 г. у Менску.
Фота: Аксана Манчук / БелТА

Затым быў канцэрт. Выступалі прадстаўнікі студыі мастацтваў «Malinovka by Spamash», арт-група «Беларусы», Ірына Дарафеева, Анатоль Ярмоленка ды іншыя. А медыкі размясцілі аўтамабіль хуткай з манекенам на насілках, дзе вучылі аказваць першую медычную дапамогу. Стаялі аўтамабіль МАЗ, які раней мог удзельнічаць у міжнародным ралі «Дакар», трактара BELARUS і іншая тэхніка.

«Цешыць, што ў Беларусі захавана гэтае свята», – пракаментавала БелТА старшыня Беларускага прафесійнага саюзу работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч афіцыйныя святкаванні ў Менску.

Але ж Першамай святкуюць не толькі ў Беларусі. Пра тое, як святкаванні праходзяць без афіцыёзу і завучаных прамоваў пра «калектыўны Захад» – у рэпартажы карэспандэнтаў «Белсату».

Як святкуюць у Польшчы

Першамай у Цехацінку, Польшча. 1 траўня 2022 года.
Фота: НГ / Белсат

Польскае мястэчка Цехацінэк вядомае сваім солеварэннем і солелекаваннем. Так, так – у Польшчы таксама ёсць соль, што б нам ні казалі па беларускім дзяржаўным тэлебачанні.

Фота: НГ / Белсат

Дык вось тут у санаторыях, у тым ліку ў тых, што належаць Польскаму тэлебачанню, размясцілі часткова ўцекачоў з Украіны – перадусім жанчын з дзецьмі. Ім гарадскія ўлады прапанавалі сёлета далучыцца да першатравеньскіх святкаванняў асобнай калонай. Далучыцца да ўкраінскай калоны прапанавалі і нам.

Фота: НГ / Белсат

Сама акцыя ў адрозненні ад беларускіх святкаванняў была прызначаная даволі позна – толькі а 16:00. Збор украінскай калоны пачаўся на гадзіну раней. Двум дзясяткам удзельнікаў раздалі балонікі жоўтых і сініх колераў, пасля чаго яны праз парк рушылі на месца асноўнага збору.

Фота: НГ / Белсат

Па дарозе мы сустракалі іншыя калоны – ад разнастайных мясцовых установаў, перадусім санаторыяў і рэстарацыяў, якія, як і мы, рушылі на вуліцу Рачынскіх.

Фота: НГ / Белсат

Ніхто з сілавікоў нікога «не лавіраваў і не рассякаў». Увогуле першых паліцэйскіх мы пабачылі толькі праз 1,5 гадзіны пасля выхаду – яны стаялі на скрыжаваннях ды перакрывалі аўтамабільны рух, каб па дарозе маглі прайсці дэманстранты. Для гэтага ж на асобных вуліцах стаялі і турнікеты.

Фота: НГ / Белсат

Магчыма, для беларускіх сілавікоў гэта будзе навіной, але без іх людзі не пачынаюць ані пагромаў, ані тэрактаў.

Фота: НГ / Белсат

Агулам жа праход быў абсалютна вольным: ніхто нікога не правяраў і не кантраляваў. Дэманстрантаў у калоны расстаўлялі падлеткі–скаўты. Шыхтаванне адбывалася ў тым ліку пад перазвон мясцовага касцёлу.

Фота: НГ / Белсат

Прадстаўнікі ўладаў таксама ўдзельнічалі ў акцыі, але амаль у самым канцы – ішлі наўпрост за ўкраінскай калонай, да якой паспелі далучыцца яшчэ з тузін удзельнікаў. Ніякіх прамоваў гарадскія чыноўнікі не рабілі, нікому не пагражалі і сябе не хвалілі.

Фота: НГ / Белсат

У самым канцы дэманстрацыі ехалі байкеры ды пажарныя. Агулам маніфестацыя ў пэўнай ступені нагадвала карнавал – тут і акрабаты на хадулях, і людзі ў нацыянальных строях, і вясёлыя бабулькі ў шапачках-кветачках і гэтак далей.

Фота: НГ / Белсат

Калоны па вуліцах Цехацінку рушылі трошкі са спазненнем. З абодвух бакоў дарог стаялі радасныя гледачы, здымалі ўдзельнікаў на фота і відэа, махалі рукамі. На некаторых з іх былі і тышорткі з вядомымі цытатамі пра расейскі вайсковы карабель. Глядзелі гараджане на свята і са сваіх балконаў.

Фота: НГ / Белсат

Дэманстранты кружлялі па горадзе каля гадзіны. Ужо пад канец пад гарматныя стрэлы канфеці адбылася кароткая прэзентацыя ўдзельнікаў. Асобна вядоўца заклікаў падтрымаць апладысментамі ўдзельнікаў маёўкі з Украіны.

Фота: НГ / Белсат

«Слава вольнай Украіне без Пуціна», – крыкнуў па-польску нехта з гледачоў і не быў нават затрыманы.

Фота: НГ / Белсат

Пасля калоны завярнулі на фінішную прамую. Скончылася шэсце на стадыёне, дзе на футбольным полі і вакол яго ўжо чакалі сцэна для выканаўцаў дыска-пола ды атракцыёны для дзяцей. Завяршаецца святкаванне пасля 22:00, як сказана ў праграме, «танцамі пад зоркамі».

А з чыноўнікаў так ніхто і не выступіў. Як выяўляецца, можна святкаваць і без гэтага.

Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат
Фота: НГ / Белсат

МГ belsat.eu

Стужка навінаў